АДКБ не спяшаецца на дапамогу Арменіі


Баі на армянска-азербайджанскай мяжы не сціхаюць. Урад Арменіі звярнуўся ў Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы з просьбаю надаць вайсковую дапамогу. АДКБ пакуль выслаў на мяжу толькі інспекцыю. Чаму Крэмль і ягоныя саюзнікі не спяшаюцца на дапамогу Ерэвану?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абстрэлы на мяжы Арменіі ды Азербайджану ў сераду аднавіліся. У тэлеграм-каналах з’явіліся фота разбітага артылерыяй пункту расейскіх памежнікаў у правінцыі Гегаркунік. Інфармацыі аб ахвярах няма.

Азербайджанская армія абстрэльвае з гарматаў і мінамётаў армянскае прымежнае паселішча Вэрын-Шаржа, а таксама горад Джэрмук – паведамляюць у Ерэване. Мінабароны Азербайджану, у сваю чаргу, заявіла, што «рэагуе» на атакі армянскіх сілаў у спрэчным Карабахскім рэгіёне. Ён ляжыць за паўсотні кіламетраў на поўдзень.

Родныя параненых салдатаў з раніцы збіраюцца каля брамы шпіталю ў Ерэване. У выніку баёў Арменія страціла 105 забітымі – заявіў прэмʼер Нікол Пашыньян. Азербайджан паведамляе аб гібелі пяцідзесяці сваіх салдатаў. Гэта самыя вялікія ахвяры пасля заканчэння Карабахскай вайны 2020 года.

Як паведаміў Нікол Пашыньян, учора Арменія папрасіла ў АДКБ вайсковай дапамогі «для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці краіны». Прадстаўнікі краінаў вайсковага саюзу сабраліся на экстранную нараду. І вырашылі выслаць на неспакойную мяжу былога сакратара Савету бяспекі Беларусі, а цяпер – генеральнага сакратара АДКБ Станіслава Зася.

На сайце АДКБ напісана літаральна наступнае: «…для ацэнкі становішча, рыхтавання грунтоўнага дакладу кіраўнікам дзяржаваў на чарговай сесіі Савету калектыўнай бяспекі […] на тэму сітуацыі ў рэгіёне і выпрацоўвання прапановаў для дээскалацыі напружанасці».

Прэмʼер Нікол Пашынян звярнуўся па дапамогу не толькі да АДКБ, але і наўпрост да кіраўніцтва Расеі. З ёй Арменію звязвае Дамова аб сяброўстве, супрацы і ўзаемнай дапамозе.

«Расея хоча захаваць манаполію на постсавецкай прасторы. Але ніхто не разумее адной галоўнай рэчы: Расея хоча захаваць манаполію праз тое, каб гэтыя канфлікты ніколі не закончыліся!», – кажа палітолаг Стэпан Грыгарʼян.

Узброены напад, які пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці або бяспецы аднаго з саюзнікаў, мусіць запускаць у дзеянне артыкул 4 Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Згодна з ім, усе краіны АДКБ маюць надаць саюзніку дапамогу, у тым ліку вайсковую.

5 студзеня гэтага года, спасылаючыся на 4-ы артыкул дамовы, дапамогі ў здушэнні пратэстаў папрасіў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Тым жа вечарам Крэмль і ягоныя саюзнікі (Арменія, Беларусь, Кыргызстан і Таджыкістан) выслалі ў Казахстан 2 тысячы салдатаў. Пры гэтым масавыя антыўрадавыя выступы ў краіне агрэсіяй назваць цяжка.

«Гэтая сітуацыя дэманструе, што АДКБ здольная, як у смешнай расшыфроўцы “арганізацыя дыктатараў, якія баяцца”, дапамагаць дыктатарам душыць унутраныя паўстанні. А сутыкаючыся з рэальнай вайной, для якой АДКБ нібыта была створаная, яна аказваецца няздольнай справіцца», – кажа палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

«Я проста пералічу краіны АДКБ: Беларусь, Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан. Гэта краіны, якія маюць цесныя адносіны з Турцыяй і Азербайджанам. Трэба быць абʼектыўнымі. Нашы інтарэсы з гэтымі краінамі не перасякаюцца!» – лічыць палітолаг Стэпан Грыгарʼян.

«Пытанне накіравання казахскіх міратворцаў у Арменію пакуль не абмяркоўваецца», – заявіў міністр замежных справаў Казахстану Мухтар Тлеубэрдзі.

Ці пагодзіцца выслаць свае войскі ў Арменію галоўны саюзнік Масквы – Аляксандр Лукашэнка? У студзені ён накіраваў 200 салдатаў на місію АДКБ у Казахстане. У лютым – даў тэрыторыю сваёй краіны для нападу на Украіну, але войскаў туды не адправіў.

Аляксандр Папко, «Белсат»