Ярмошына прасілася назіраць за выбарамі ў Грузіі. Не паляціць


Недапушчальна і азначае падтрымку фальсіфікацыяў выбараў у Беларусі. З такім зваротам да Цэнтрвыбаркаму Грузіі выступілі прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Прычына – акрэдытацыя Лідзіі Ярмошынай на муніцыпальныя выбары ў гэтай краіне назіральніцай.

У Грузіі – скандал. Лідзію Ярмошыну і прадстаўнікоў беларускага Цэнтрвыбаркаму акрэдытавалі ў якасці назіральнікаў на муніцыпальных выбарах 2-га кастрычніка.

«Выбары пройдуць, яны будуць вельмі вострымі, я ўпэўнены, што будзе шмат парушэнняў і тое, што спадарыня Ярмошына скажа, што ўсё выдатна, як можна меркаваць, нічога не зменіць», – адзначае палітычны аглядальнік Гія Нодыя з Грузіі.

Вострая патрэба ў назіральніках узнікла пасля таго, як на парламенцкіх выбарах у мінулую восень грузінская апазіцыя абвінаваціла ЦВК у фальсіфікацыі. Па краіне пракацілася хваля пратэстаў. Цяпер прысутнасць міжнародных назіральнікаў мае не дапусціць падтасоўвання ў дзень галасавання і падчас падліку галасоў. Ад вынікаў залежыць, ці правядуць датэрміновыя парламенцкія выбары.

«На гэтых выбарах будуць і назіральнікі з Еўропы. У нас будуць назіральнікі і з Беларусі – гэта выклікае камічны эфект, бо выбары ў Беларусі ніяк не адпавядаюць дэмакратычным стандартам», – лічыць Гія Нодыя.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заклікала ЦВК Грузіі перагледзець рашэнне акрэдытаваць Ярмошыну ў якасці назіральніцы. Праваабаронцы адзначылі, што з 1996-га года ніводныя праведзеныя старшынёю ЦВК выбары не прызнаныя АБСЕ адпаведнымі міжнародным стандартам, а сама Ярмошына неаднаразова трапляла ў розныя санкцыйныя спісы.

Запрашэнне прадстаўнікоў ЦВК Беларусі для ўдзелу ў назіранні будзе азначаць падтрыманне грузінскімі інстытутамі фальсіфікацыяў леташніх выбараў у Беларусі – заявілі праваабаронцы.

«Мы да гэтага часу не прызналі Абхазіі ды тэрытарыяльных пытанняў пры ўсім сяброўстве з Расеяй. Грузія гэта, безумоўна, цэніць. Як паступіць у дылеме – прызнанне тэрыторыяў ці прызнанне каштоўнасцяў, – гэта на сумленні грузінскага боку», – мяркуе прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алег Гулак.

Ярмошына ня едзе і не планавала назіраць за выбарамі ў Грузіі, запэўніваюць у беларускім ЦВК. Аднак грузінскія назіральнікі сцвярджаюць: заяўка на ўдзел у незалежным назіранні прыйшла менавіта з прозвішчам старшыні Цэнтрвыбаркаму і з ейным подпісам.

Ігар Станкевіч, «Белсат»