Беларусы сышлі ў грыбы. У чым там небяспека


Нездарма кажуць, што лес для беларусаў – і бацька, і маці. І прытуліць, і абароніць, і абагрэе, і накорміць. У нашых лясах расце каля дзвюх тысячаў розных грыбоў – сапраўдны рай для аматараў «ціхага палявання»!

Штопраўда, акрамя прысмакаў на ўсю восень і зіму, грыбы тояць у сабе і пагрозы здароўю ды нават жыццю. Тэму працягне Валера Руселік.

Беларусы сыходзяць у лясы. Штопраўда, не ў партызаны, а ў грыбы. Сярод іх і спадарыня Жанна з Гомля. Жанчына прызнаецца: акрамя магчымасці падыхаць свежым паветрам, гэта яшчэ і надзвычай азартны занятак. Ну а паход на «ціхае паляванне» з сапраўдным грыбніком да таго ж ператвараецца ў сапраўдную лекцыю, у тым ліку па… гісторыі.

«Вось гэта польскі грыб. Яго называюць польскім, бо раней белыя грыбы палякі сушылі, сушылі гэтыя польскія, і разводзілі іх разам з белымі, каб прадаць у Францыю», – распавядае спадарыня Жанна.

Штопраўда, сёння найбольш пацярпелая ад чарнобыльскай катастрофы Гомельшчына французаў наўрад ці прывабіць. Аднак спадарыня Жанна цвердзіць: і тут таксама ёсць чыстыя лясы. Неяк яна нават здавала частку грыбоў у лабараторыю, адмыслоўцы якой супакоілі: грыбы чыстыя.

«Закупнікі вельмі шмат скупляюць лісічак, бо лічыцца, што лісічкі не набіраюць радыяцыі. То бок лічыцца, што грыбы пласціністыя менш набіраюць радыяцыі. Гэта лісічкі і апенькі», – дадае жанчына.

Зрэшты, небяспечныя грыбы могуць быць не толькі праз назапашаную радыяцыю. Штогод дзясяткі нашых суайчыннікаў імі труцяцца. Сёлета на пачатак верасня ўжо зафіксаваныя прынамсі 13 такіх выпадкаў, пры гэтым двое з пацярпелых – дзеці.

«Асабліва ў групе рызыкі – дзеці, яны вельмі цяжка пераносяць гэтыя атручэнні. І наагул дзецям не рэкамендуецца спажываць дзікіх грыбоў да 12-цігадовага ўзросту ў сувязі з тым, што ў дзяцей не гэтак моцна выяўленая здольнасць арганізму абясшкоджваць таксіны, як у дарослых», – тлумачыць лекар-таксіколаг з Кіеву Сяргей Недашкоўскі.

Галоўная парада ад адмыслоўца ў гэткім выпадку – не марудзіць. Як толькі з’явіліся першыя сімптомы атручэння – галаўны боль ці боль у жываце, ваніты, дыярэя і гэтак далей, – адразу звяртацца па дапамогу да медыкаў. Пакуль брыгада едзе, а ванітаў няма, прачысціць арганізм можна актывізаваным вугалем з разліку паўграма – грам на кілаграм вагі цела пацярпелага.

У лесе ж галоўнае правіла яшчэ прасцейшае:

«Прынцып наступны: калі мы ведаем грыб, то мы яго бярэм, а калі мы яго не ведаем, то пакідаем яго тым, хто яго ведае», – усміхаецца спадарыня Жанна.

«І апрача гэтага, устрымлівацца збіраць грыбы ўздоўж ажыўленых трасаў з аўтамабільным рухам, бо грыбы вельмі добра назапашваюць розныя таксічныя рэчывы, і ў лесапалосах вакол палёў, бо ў грыбах таксама могуць назапашвацца рознага кшталту пестыцыды, якімі апрацоўваюцца палі», – дадае Сяргей Недашкоўскі.

Зрэшты, карысць ад атрутных грыбоў усё-ткі можа быць. Акрамя нагоды для прыгожага сэлфі, да прыкладу, мухаморы звычайна яшчэ і суседнічаюць з ядомымі грыбамі: маслёнкамі, абабкамі, баравікамі.

Валера Руселік, «Белсат»