Ці хопіць 100 рублёў каб падрыхтаваць дзіцё да школы?


Два тыдні да пачатку чарговага навучальнага году – гарачы час для бацькоў школьнікаў. На школьных кірмашах і ў крамах трэба абраць школьную форму і канцылярскія прылады. І галоўнае – знайсці на гэта сродкі. Колькі каштуе сёлета падрыхтоўка да першага верасня?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каб сабраць дзіцё ў школу, дастаткова ста рублёў. Прынамсі гэтак мяркуюць чыноўнікі. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ адзначыў, што выдаткі на рыхтаванне аднаго дзіцяці да навучальнага года складуць ад ста да дзевяцісот рублёў. Штопраўда, самыя бацькі школьнікаў не разумеюць, якім чынам сабраць сваё дзіця за 100 рублёў.

«Каля 300 рублёў сыходзілі на вопратку. 300-400. Гэта самы мінімум, самае таннае: штаны, кашуля, спартовы касцюм і другі абутак. Ну гэта самы мінімум, калі эканоміць, знаходзіць патанней, распродажы нейкія. Ну выйдзе рублёў 400 дакладна. І плюс канцылярыя. Яна танная. Яшчэ каля 200 рублёў», – распавядае шматдзетная маці, педыятр Мая Церакулава.

Аляксей Багданаў не ўдакладніў, на чым будуе свае разлікі. Аднак раней у ведамстве зазначалі, што камплект адзення афіцыйнага стылю айчыннай вытворчасці будзе каштаваць ад 98-мі рублёў. У адной з найпапулярнейшых у Беларусі інтэрнэт-крамаў цэны на гарнітуры для хлопчыкаў пачынаюцца ад 103-ох рублёў. Да гэтага варта дадаць абутак, спартовы рыштунак, заплечнік, сшыткі, альбомы і канцылярскія прылады.

«Тое, што мы пра гэта размаўляем, што нейкі міністр выступае і распавядае пра кошт на школьную форму – ужо паказвае ненармальнасць сітуацыі. Ненармальнасць таго, што бацькам трэба вылічваць нейкія сумы, за якія яны збяруць дзіцё да школы. Казаць пра нейкую “сацыяльную дзяржаву” тут не выпадае», – заўважае эканаміст Віталь Алейнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці і бацькі на святочнай лінейцы ў адной з барысаўскіх школ, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Большасць апытаных намі ў сацыяльных сетках беларусаў ацанілі выдаткі на школьныя патрэбы ў дыяпазоне ад пяцісот да тысячы рублёў. І гэта толькі мінімальныя траты. Вось што пішуць беларусы ў каментарах:

«Абласны цэнтр. Дзіця ў 8 клас ідзе. Прыкладна 300 долараў кожны год. Можа і танней было б магчыма, але мы аддаем перавагу больш якасным рэчам. Дзякуй богу, дзіця адно».

«Калі б не школьная форма, то значна танней. Школьная форма – гэта чарговы падатак на паветра. Бацька плаціць – дзіця мучыцца».

«Абутак школьны – ад 50, красоўкі – ад 50, блузка – ад 50, штаны ці спадніца – ад 40. І гэта яшчэ знайсці! Партфель – ад 35. Найтаннейшы. А колькі каштуюць працоўныя сшыткі?!»

«Ужо зусім хутка паўстане пытанне: а ці варта аддаваць сваё дзіця ў гэтыя ўстановы???»

У параўнанні з мінулым годам кошт школьнай формы падняўся прыкладна на дзесяць адсоткаў, зазначаюць у МАРГу. Кошты на канцылярскія прылады рэгулююцца пастановаю Савету Міністраў і ў параўнанні з мінулым годам значна не выраслі. Аднак і такія выдаткі часта становяцца не падʼёмнымі для семʼяў. Асабліва калі бацькі выхоўваць не аднаго школьніка.

«Сабраць трох дзяцей у школу – гэта больш за месячны заробак усёй сямʼі. Адкладаем некалькі месяцаў, шукаем акцыі і зніжкі. Нешта ў інтэрнэце шукаем. Бо трэба адначасова набыць шмат рэчаў і гэта цяжкое выпрабаванне», – успамінае Мая Церакулава.

Шматдзетныя семʼі раз на год могуць атрымаць ад дзяржавы матэрыяльную дапамогу памерам 30 адсоткаў бюджэту пражыткавага мінімуму на кожнае дзіцё. На сёння гэта меней за 110 рублёў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»