Год таму Цэнтрвыбаркам зацвердзіў вынікі прэзідэнцкіх выбараў


Роўна год таму, 14-га жніўня 2020-га года, Цэнтрвыбаркам Лідзіі Ярмошынай канчаткова зацвердзіў афіцыйныя вынікі выбараў прэзідэнта Беларусі.

Паводле чыноўнікаў, яўка выбарцаў была 84 %. І перамог, паводле Цэнтрвыбаркаму, Аляксандр Лукашэнка, якому налічылі 80,1 % галасоў. А Святлане Ціханоўскай – 10,12 %.

Але гэтыя канчатковыя лічбы ад Лідзіі Ярмошынай, як і агучаныя ёй папярэднія вынікі чарговай перамогі Аляксандра Лукашэнкі – яшчэ 9-га жніўня, беларускія грамадзяне не ўспрынялі за праўду.

Па ўсёй Беларусі працягнуліся пратэсты супраць міліцэйскага садызму і супраць выбарчых фальсіфікацыяў. Бо ў дзень галасавання людзі на свае вочы пабачылі, як ва ўсіх з’явілася надзея на палітычныя змены, кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«У дзень галасавання, людзі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, і ўпершыню пабачылі чэргі. Вялізныя чэргі, якія я напрыклад пабачыў на сваім выбарчым участку – чалавек 200 стаяла – і большасць з іх – працэнтаў 70-80% – былі з белымі стужачкамі. Людзі не баяліся паказаць, што яны за Ціханоўскую».

Сапраўдныя лічбы галасавання, цяпер недасяжныя для грамадзян, істотна адрозніваюцца ад афіцыйных. Адным з інструментаў незалежнага падліку стала платформа «Голас», створаная беларускімі праграмістамі. Першапачаткова створаная для фіксавання фальсіфікацыяў, яна дапамагла падсумаваць дасланыя ўдзельнікамі паўмільёна бюлетэняў і афіцыйна вывешаныя камісіямі пратаколы падліку галасоў. І Лукашэнка паводле незалежнага падліку – не перамог.

«Самы-самы топ, які яму можна даць – 38%. Насамрэч нашая каманда ацэньвае рэальнасць ніжэй – 20-25%. Але дакладна не 80%. І вось гэтая розніца між 20-25 % і 80% і ёсць маштаб фальсіфікацыяў», – тлумачыць Павел Лібер адзін з заснавальнікаў платформы «Голас».

Парушэнні былі на ўсіх этапах – крымінальныя справы супраць прэтэндэнтаў на ўдзел, прымусовае датэрміновае галасаванне бюджэтнікаў, падробка бюлетэняў, цалкам кантраляваныя ўладамі чальцы выбарчых камісіяў. Хаця ў выніку былі дзясяткі камісіяў, якія сумленна падлічылі галасы.

«Калі мы возьмем афіцыйныя пратаколы, вывешаныя па Менску і Менскай вобласці афіцыйнымі камісіямі. То ўжо ў іх Ціханоўская набірае больш, чым ЦВК паставіў па Менску і Менскай вобласці. А значыць, вынікі ЦВК не карэлююць з афіцыйнымі пратаколамі», – нагадвае Павел Лібер.

Моцнае выбарчае парушэнне – забарона падрыхтаваным незалежным назіральнікам кантраляваць галасаванне і падлік галасоў.

«Мы стварылі агрэгатар усіх парушэнняў, якія існавалі ў перыяд датэрміновага галасавання і ў перыяд асноўнага дня. Мы пачалі працу з усімі ініцыятывамі, хто быў зацікаўлены ў працэсе – «Честные люди», «Правозащитники за право выбора», і партыйныя арганізацыі», – прыгадвае Павел Марыніч кіраўнік платформы «Zubr» і «Маланка Media».

Платформа онлайн-маніторынгу «Zubr» была адным са спосабаў фіксаваць выбарчыя парушэнні для кожнага, хто меў мабільны тэлефон і грамадзянскае сумленне.

«Мы адкрылі доступ да платформы для ўсіх выбарцаў. І кожнага выбарца зрабілі назіральнікам. І атрымлівалі агромністную колькасць фота і відэа матэрыялаў ад людзей, ад простых грамадзянаў, як адбываецца крадзеж галасоў і тое бязмежжа, якое было на выбарчых участках у Беларусі», – распавядае Павел Марыніч.

Гэтая лічба – 80 % за Лукашэнку – абурылі беларусаў і сталі першай прычынай масавых пратэстаў, нагадвае Віталь Цыганкоў:

«Другое – гэта дзеянні, якія ўлада зрабіла пасля выбараў, 3-4 дні, калі былі забойствы, калі былі зверствы. Фактычна нават без вынікаў выбараў такія дзеянні робяць уладу ў любой краіне нелегітымнай, злачыннай, акупацыйнай».

Таму ніхто не прызнаў Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам, акрамя Расеі і Кітаю. І ягоная таемная інаўгурацыя потым прайшла ў атмасферы сакрэтнасці, перакрытых вуліцаў, а не ў жывым эфіры, як таго патрабуе Канстытуцыя.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»