На сценах Беларусі: праслаўленне міліцыі – замест творчасці


Камунальнікі Менску змеркавалі, што на месцы муралу «Дама з гарнастаем» лепш будзе глядзецца жоўтая фарба. Гэта быў апошні малюнак мастака Міці Післяка перад ад’ездам з Беларусі.

«Я натхніўся працай Леанарда Да Вінчы «Дама з гарнастаем» і зрабіў сваю версію малюнку, дадаў некалькі дэталяў: тэлефон як сімвал існай рэальнасці і вечны спадарожнік чалавека, а яшчэ канверт з білетам на самалёт. Гэта было маё развітальнае паведамленне гораду», – распавёў Міця Післяк выданню CityDog.io, а таксама што ў 2019 годзе, калі зʼявіўся малюнак, узгаднення з адміністрацыяй не было. Таму мастаку ў кожным разе прыемна, што мурал пратрымаўся амаль чатыры гады.

Іншы мурал Міці Післяка зафарбоўвалі яшчэ ў 2017 годзе. Ён быў зроблены ў рамках фестывалю урбан-арту Vulica Brasil, што праходзіў у Менску некалькі разоў. Гэтак мастакі Беларусі і Бразіліі размалявалі Кастрычніцкую вуліцу, культурны цэнтр «Корпус» ды іншыя абʼекты сталіцы.

«Публічная прастора ці ўскладняецца, ці спрашчаецца. І вось наяўнасць у ёй некантраляванага мастацтва… Гэта адлюстраванне складана арганізаваных, культурна няпростых працэсаў, якімі ёсць увогуле гарадская культура. У Беларусі ідзе іншы працэс – працэс спрашчэння». – тлумачыць блогер, аўтар каналу «Около культуры» Мікіта Моніч.

Таму мурал аргентынскага мастака ў Менску – замаляваць! Крумкача ў Горадні – замаляваць! Мурал «Імгненнасць», малюнкі бразільскіх мастакоў, мурал «Чалавек без твару» – усё гэта таксама замаляваць! Не ўсе з іх былі ўзгодненыя з адміністрацыяй. І калі ў заходнім замежжы да вольных вулічных мастакоў ставяцца з разуменнем, то ў Беларусі мурал хутчэй прыбяруць.

«Мурал – гэта ж частка стрыт-арту, якая мусіць быць узгодненая. Ёсць графіці, якое заўсёды па-за законам, якое ва ўсіх краінах аднолькава працуе – гэта незаконная рэч. А мурал – гэта тое, што праходзіць узгадненне з адміністрацыяй, таму гэта нармальна, гэта такая ж практыка ў Беларусі, як і ва ўсім свеце існуе», – распавядае архітэктар і мастак Юрый Таўбкін.

Тым больш прыбіралі і будуць прыбіраць са сценаў Беларусі муралы з палітычным падтэкстам. Чаго вартая адна толькі вайна за мурал з дыджэямі на плошчы Пераменаў.

«Але мне падаецца, гэта не робіцца заўсёды так. Папросту надыходзіць час – трэба нешта змяніць. Больш за тое, заўсёды адміністрацыя клапоціцца, каб было прыгожа, не было нейкіх там недарэчнасцяў, нейкага візуальнага шуму. Таму, маўляў, давайце лепш зафарбуем, чым будзем размаўляць пра тое, добра гэта ці не. Гэта – рызыка для іх», – лічыць Юрый Таўбкін.

Улады таксама бяруцца размалёўваць беларускія сцены. Самы скандальны іх мурал – «Менск – Масква», прысвечаны сяброўству Беларусі і Расеі і намаляваны ў 2016-м. Тады яго падкарэктаваў невядомы вулічны мастак – дадаў у букет хлопца і вянок дзяўчыны калючы дрот. Пасля таго, як дрот усё ж такі зафарбавалі, малюнак ахоўвалі міліцыянты.

«Гэта – спроба працаваць на чужым полі. Ну вось як улада Беларусі прыйшла ў You-Tube, робячы ўсялякія шоу-няшоу. Спробы… Спробы рабіць, як мы. Ха! Але, ну як атрымліваецца…», – упэўнены Мікіта Моніч.

Атрымліваецца ж так, што ў Барысаве ўлады малююць мурал у гонар міліцыянтаў. Ідэю патлумачылі тым, што на першым плане – праваахоўнікі, а за імі, маўляў – горад пад надзейнаю абаронаю. Але пра тое, што горад яшчэ і пад калючым дротам – змаўчалі.

Яна Шэк, «Белсат»