Лукашэнка і Артэга – браты навек! Ці будзем есці нікарагуанскіх крабаў замест нарвежскіх крэветак?


Гандляваць з Еўразвязам замінае палітыка, таму паляцім ажно ў Нікарагуа. Урадоўцы Рамана Галоўчанкі выконваюць загад Аляксандра Лукашэнкі наладзіць эканамічныя стасункі з Манагуа, бо там ёсць крыніца палітычных і дыпламатычных дасягненняў – братэрскі па розуме шматгадовы кіраўнік Нікарагуа Даньель Артэга. Ці будзем мы есці нікарагуанскіх крабаў замест нарвежскіх крэветак?

Савет Міністраў Рамана Галоўчанкі даручыў міністэрству замежных справаў Лукашэнкі падпісаць пагадненне аб стварэнні ўрадавай камісіі аб гандлёва-эканамічнай супрацы з Нікарагуа.

Таксама сёння Нацыянальны прававы партал pravo.by апублікаваў акт аб пагадненні аб супрацы з Нікарагуа ў галіне адукацыі.

Пакуль гэта ўвесь вынік шматгадовай працы чыноўнікаў. Але кампенсаваць страты ад еўрапейскіх антываенных санкцыяў можна толькі часткова. Таваразварот Беларусі з Нікарагуа невялікі – у 2021 г. ён быў на ўзроўні ўсяго $ 1,2 млн. Краіна даволі бедная.

«У Беларусь з Нікарагуа можа пастаўляцца сельгаспрадукцыя. Прадукцыя сельскай гаспадаркі з’яўляецца асновай эканомікі Нікарагуа. Таксама можа быць нейкая супраца ў ваеннай сферы. Можа быць частка прадукцыі беларускага ВПК», – тлумачыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Нікарагуа – гэта ў Цэнтральнай Амерыцы, між Коста-Рыкай і Гандурасам. Больш за ўсё Нікарагуа прадае на экспарт цішоткі, каву, золата, мяса жывёлы, крабаў ды лобстараў. Але апроч тавараў ёсць дыпламатычная паслуга: галасаванне ў ААН у падтрымку Пуціна і Лукашэнкі.

«Спробы ўсталяваць сваю гегемонію, дыктаваць усім і ўся ў любой кропцы зямнога шару мы назіраем і ў тым, што адбываецца вакол Украіны… Мы разам з Нікарагуа і іншымі нашымі аднадумцамі будзем актыўна супрацьдзеяць гэтаму», – заяўляў у красавіку міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, прымаючы свайго нікарагуанскага калегу Дэніса Манкаду.

Андрэй Казакевіч нагадвае, што Нікарагуа прызнала краінамі захопленыя ў Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асецію, Нікарагуа прызнала анексію Крыму.

«Узамен за гэта Нікарагуа атрымлівае фінансавую дапамогу рознага кшталту, абяцанне ўдзелу ў розных інфраструктурных праектах, у прыватнасці здабычы нафты. А таксама вельмі важным зʼяўляецца ваеннае супрацоўніцтва: пастаўка зброі з боку Расеі», – нагадвае доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Расейская зброя ідзе па ільготных коштах. Таксама Нікарагуа дазволіла прысутнасць у сябе расейскага кантынгенту. Кіруе краінай Даньель Артэга, які быў дыктатарам яшчэ ў савецкія часы, і традыцыйна ў кепскіх стасунках з Еўразвязам і ЗША.

«Легендарны кіраўнік Нікарагуа, якога мы любім і паважаем у Беларусі… Мы ў захапленні ад ягонай палітычнай дзейнасці», – так Аляксандр Лукашэнка 19 траўня прымаў у сваім палацы Дэніса Манкаду.

«Вялікі дзякуй, спадар прэзідэнт, сябар, таварыш, блізкі нам чалавек», – адказваў яму міністр замежных справаў Нікарагуа.

У траўні міністр Манкада запэўніваў Лукашэнку, што Беларусь можа паўдзельнічаць у будаўніцтве Нікарагуанскага каналу – замест Панамскага. Але Андрэй Казакевіч нагадвае, што будоўля стагоддзя будзе патрабаваць вялізных інвестыцыяў. Масква і Менск такіх грошай не маюць, а Пекін звычайна выдае звязаныя крэдыты. Гэта калі за кітайскія грошы кітайскія працаўнікі з кітайскіх матэрыялаў штосьці будуе, а ты яшчэ і вінным застаешся.

Але Даньель Артэга – гэта натуральны партнёр Лукашэнкі.

«Улады Нікарагуа актыўна заглушаюць любыя крытычныя ці нязгодныя галасы з дапамогай праваахоўных органаў. Толькі ў траўні па ўсёй краіне незаконна затрымалі 63 чалавекі. Гэта праваабаронцы, палітычныя апаненты, журналісты, сяляне, а таксама людзі, звязаныя з Каталіцкім Касцёлам», – паведамляла Марта Уртада, афіцыйны прадстаўнік Управы вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека.

У лютым суд у Нікарагуа пасадзіў на 26 гадоў каталіцкага святара Раляндо Лягаса – за словы. За распаўсюд інфармацыі, якая супярэчыць афіцыйнай лініі, біскупа прызналі здраднікам радзімы. Хаця Раляндо Лягас адмовіўся пакінуць радзіму разам з 222і дысідэнтамі, якіх вывезлі ў ЗША.

«Зачыншчыкі перавароту, найміты Захаду пакінулі краіну. Мы нарэшце можам вольна дыхаць тут, у Нікарагуа, богаславеннай і заўжды свабоднай», – так пракаментаваў вываз сваіх грамадзянаў у ЗША Даньель Артэга.

З такой богаславеннай краінай і будзем гандляваць. Пры гэтым нават дзяржаўнае агенцтва БелТА паведамляе, што Нікарагуа ёсць у ААНаўскім спісе краінаў, дзе хутка можа ўзнікнуць голад.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».