Кошты ўгару, а якасць? Універсітэты Беларусі падвысілі кошты навучання


Дадаткова ад трохсот да амаль паўтысячы рублёў на год. Універсітэты Беларусі падвысілі кошты навучання.

«Вы можаце зайсці на сайт, там ужо ёсць кошты навучання для кожнага факультэту на гэты год.

У нас штогод змяняецца кошт, можа змяніцца і ў другім паўгоддзі, гэта прапісана ў дамове», – так нам патлумачылі ў аддзеле пазабюджэтнай дзейнасці медычнага ўніверсітэту, куды мы звярнуліся пад выглядам занепакоеных студэнтаў.

Усе расцэнкі падвысіліся на сем адсоткаў. Новыя лічбы ўжо абвясцілі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце, Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання. Напрыклад, у БДУІР першакурснік за год навучання мае заплаціць ад 4140 да 4590 рублёў, гэта на 230 – 300 рублёў больш, чым летась. Падобныя лічбы і ў іншых навучальных установах.

Аддзел пазабюджэтнай дзейнасці БДМУ тлумачыць:

«Мяняюцца затраты, заробкі падвышаюцца таму пераглядаецца заўжды кошт».

Уплывае на рост кошту навучання і інфляцыя, кажа эканаміст Аляксей Харкевіч. Апроч таго – у навучальных установах змяншаецца колькасць бюджэтных месцаў, а значыць, змяншаецца і фінансаванне ад дзяржавы.

«У дзяржавы няма сродкаў і з кожным годам значэнне ўласных даходаў для ўсіх ВНУ ўзрастае. Яны змушаныя шукаць уласныя крыніцы, бо за кошт бюджэтнага фінансавання ўсё складаней пакрываць выдаткі», – тлумачыць Аляксей Харкевіч.

За мяжою навучальныя ўстановы самаакупляюцца значна больш, кажа адмыслоўца, універсітэт менш залежыць ад дзяржавы, а рэктар – падсправаздачны акадэмічнай супольнасці:

«Ёсць канкурэнцыя паміж ВНУ, яна змушае да якасці, каб плаціць больш прафесарам, на якіх ідуць студэнты, каб гэтыя студэнты дзеля гэтага прафесара былі гатовыя больш плаціць за адукацыю».

Беларускія навучальныя ўстановы моцна страцілі ў Сусветным рэйтынгу ўніверсітэтаў QS у параўнанні з мінулым годам. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт апусціўся з 288-га месца на 387-ае. Моцна страцілі і два іншыя ўніверсітэты, што ёсць у гэтым рэйтынгу – БНТУ і БДУІР. І прычына не толькі ў іншай метадалогіі складання рэйтынгу.

«Адбылося пераключэнне ад навучання ведам, прафесіям, спецыяльнасцям – на пытанні выхавання ідэалагічнага, выхавання патрыятычнага, кантролю. А дзе ўзмацняецца кантроль, там рэзка зніжаецца якасць адукацыі, натуральным чынам», – кажа экспертка ў пытаннях адукацыі Святлана Мацкевіч.

Шмат выкладчыкаў звольнілі пасля пратэстаў 2020 года, студэнтаў адлічылі або нават затрымалі. Іншыя звольніліся з салідарнасці ці нават з’ехалі за мяжу, каб уратавацца ад пераследу. Рэпрэсіі ў навучальных установах працягваюцца – напрыклад, толькі ў чэрвені ў Полацкім дзяржаўным універсітэце звольнілі траіх выкладчыкаў.

«Замяняюць, ведаеце, як у братоў Стругацкіх у славутай аповесці «Цяжка быць богам» ёсць такі сказ, што не разумныя патрэбныя, а адданыя. Зараз замяняюць адданымі», – кажа старшыня рады Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі Павел Церашковіч.

«Адмыслоўцы з высокай кваліфікацыяй наўрад ці маюць вялікае жаданне выкладаць у беларускіх ВНУ, з увагі на абставіны аўтарытарнага кантролю, пастаяннага пераследу іншадумства і пазбаўлення свабоды мыслення», – лічыць Святлана Мацкевіч.

Універсітэт сёння ў Беларусі – не акадэмічная супольнасць, што вучыць свабодзе мыслення, а месца, дзе можна атрымаць дыплом, кажа адмыслоўца. Дыплом, які невысока цэніцца ў свеце.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»