Літва змагаецца з плынню мігрантаў


Яшчэ дваццаць дзве асобы – столькі мігрантаў з Беларусі, якія перайшлі мяжу без дакументаў, затрымалі літоўскія памежнікі цягам мінулых содняў. У ліпені гэта найменшая колькасць затрыманых за дзень, але праблема не знікае.

«Нашая прававая база стваралася, каб функцыянаваць у ідэальных умовах і апрацоўваць 40 чалавек за год. І цяпер мы сутыкаемся са скаардынаваным нападам на Літву. У выніку неабходныя прававыя змены», – лічыць міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

З пачатку года на белоруска-літоўскай мяжы затрымалі ўжо тысячу семсот трыццаць восем незадакументаваных мігрантаў, палова з іх называюць сябе грамадзянамі Іраку. Таму Габрыелюс Ландсбергіс падчас візіту ў Турцыю ды ў Ірак шукае магчымасці зменшыць плынь мігрантаў ды спосабы рэпатрыяцыі тых, каму адмовяць у палітычным прытулку. Сярод прапанаваных ім захадаў – змяншэнне колькасці авіярэйсаў з Анкары ў Менск, выяўленне і спраўджанне мігрантаў без дакументаў, закрыццё іхных маршрутаў.

Не даючы рады з плынню мігрантаў, парламент Літвы прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў незадакументаваную міграцыю праз Беларусь гібрыднай агрэсіяй і зацвердзіў паскораную працэдуру дэпартацыі тых, хто мінае мяжу без дакументаў.

«Мы павінны мець на ўвазе, што адбудзецца, калі колькасць людзей дасягне такога ўзроўню, калі мы ўжо не будзем мець аб’ектыўнай магчымасці забяспечыць правы чалавека для кожнага, хто прамінуў літоўска-беларускую мяжу», – непакоіцца прэмʼер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.

Афіцыйны Менск сцвярджае, што адкрытая дарога для мігрантаў – вынік скарачэння выдаткаў на абарону мяжы праз санкцыі Еўразвязу супраць Беларусі. Але, паводле сумеснага расследавання літоўскіх і беларускіх журналістаў пра механізм міграцыі праз Беларусь у Літву, гэты працэс не толькі помста Лукашэнкі Еўразвязу, але яшчэ і крыніца прыбытку для рэжыму.

«Кожны, хто едзе ў Беларусь, павінен пакінуць заклад 3000 долараў у якасці гарантыі. І калі чалавек не вяртаецца, гэты заклад тураператар павінен выплаціць Беларусі як штраф», – кажа кіраўніца аддзелу расследаванняў тэлеканалу LRT Індрэ Макарайціце.

Агулам жа такая паездка, паводле вынікаў расследавання, каштуе для мігранта ад шасці да 15 тысяч долараў у залежнасці ад таго, згодны ён застацца ў Літве, або хоча ехаць далей на захад. Турфірмы ў Іраку сцвярджаюць, што схема легальная, бо кожны «турыст» атрымлівае сапраўдную беларускую візу. І хоць магчымасць лёгка атрымаць візу дзее ўсяго некалькі месяцаў…

«Мы падлічылі, што беларуская дзяржаўная турыстычная кампанія павінна была атрымаць прынамсі два з паловаю мільёны, калі за ўсіх мігрантаў быў пакінуты гэты дэпазіт і быў выплачаны як штраф», – кажа Індрэ Макарайціце.

Незаконна мінаюць беларуска-літоўскую мяжу не толькі грамадзяне Іраку ды іншых усходніх краінаў. Падобным шляхам уцякаюць з Беларусі тыя, каму пагражае крымінальны пераслед за выказванне грамадзянскай пазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Але для беларускіх палітычных уцекачоў змяніўся толькі тэрмін разгляду просьбаў пра палітычны прытулак, сцвярджае Андрэй Шарэнда, які сам нядаўна перайшоў мяжу, уцякаючы ад крымінальнага пераследу:

«І памежнікі і міграцыйныя службы загружаныя працай, але ўсё адно тыя хто ўцякае з Беларусі ідуць так бы мовіць у асобным спісе».

Беларусі ж, апроч адмоўнага іміджу, праз плынь мігрантаў у Літву пагражаюць яшчэ і новыя санкцыі, – пра гэта сёння заявіў міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў, назваўшы прыцягванне камерцыйных турыстаў нападам на агульныя межы Еўразвязу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»