Выпускнікі развітваюцца са школаю


Свята развітання са школаю сёлета праходзіць пад узмоцненым кантролем. Выпускныя вечары ладзяцца сёння па ўсёй краіне. Мінулымі гадамі дзяржава ўмешвалася ў святочныя імпрэзы хіба што абмежаваннем на продаж алкаголю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У тыя часы ніхто не задаваў ніякую моду на рознага кшталту пафас, лімузіны і ўсё такое, таму што быў канец 90-х і ўсё было па-простаму. Гэта быў актавы зал Дому афіцэраў ля школы, і потым пайшлі сустракаць світанак. І ўсё было адносна вольна», – узгадвае сваё святкаванне выпускнік 1999 года Андрэй.

Сёлета ў канцы красавіка падчас паездкі на Магілёўшчыну Лукашэнка раскрытыкаваў і лімузіны на выпускных, і арганізацыю свята ў рэстаранах:

«Вазьміце гэта жорстка на кантроль. Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына хлопец за рукі ўзяўшыся, кампаніяй калектывам папляшуць, патанцуюць і сустрэнуць світанак».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выпускны вечар вучняў 11 класаў сярэдніх школ у Смаргоні, Беларусь. 10 чэрвеня 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

Адмысловым загадам Міністэрства адукацыі забараніла не толькі праводзіць выпускныя па-за школай, але і запрашаць для арганізацыі артыстаў ці дыджэяў.

«Лімузін і ўсё такое раскошнае – гэта заўсёды атрыбут заходняй ідэалогіі, заходняга вайбу, можа раскошы, якая недасяжная зараз простым людзям у Беларусі і якая ўспрымаецца ўрадам як не надта патрэбны для грамадства атрыбут», – мяркуе дарадца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы і студэнцтве Марго Ворыхава.

Менскія ўлады нават распісалі маршруты, па якіх маюць пайсці школьнікі, каб сустрэць світанак. Раней паведамлялася, што адміністрацыі школаў кантралююць, пад якую музыку будуць танчыць выпускнікі. У сцэнарах жа выпускных вечароў маюць з’явіцца тэмы гэтак званага Года якасці і 80-цігоддзя вызвалення Беларусі. Выпускнікоў абмежаванні не задаволяць, мяркуе актывістка Моладзевага блоку Ліза Пракопчык:

«На выпускным вечары з гэтымі абмежаваннямі па тым, як ім спраўляць выпускны, што ўстаўляць у праграму сваіх выпускных, каго запрашаць каго не запрашаць, – людзі неяк сутыкаюцца з дзяржавай і разумеюць ейную сутнасць. Я думаю, што лукашэнкаўская адміністрацыя добра спрацавала на тое, каб у нас зʼявілася шмат новых моладзевых актывістаў і актывістак».

Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі сёння ў Беларусі атрымалі больш за 55 тысячаў выпускнікоў. Месяц яны маюць на тое, каб падаць дакументы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»