Дапамога Украіне працягваецца


Разбурэнне пад’езду жылога дому ў расейскім Шыбекіне непадалёк ад мяжы з Украінаю. Пад завалам ёсць людзі, а што сталася прычынаю выбуху – невядома.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Уначы там жа, у Шыбекіне, узарваліся боепрыпасы да цяжкай агнямётнай сістэмы «Сонцапёк». Загінулі прынамсі трое расейскіх вайскоўцаў. Расея ж уначы і раніцаю масава абстраляла Украіну. За ноч паветраная трывога гучала двойчы. Украінскім паветраным сілам удалося збіць 7 з 14-ці ракетаў і ўсе 17 дронаў.

Між тым Украіна і ЗША падпісалі двухбаковую дамову аб бяспецы, скіраваную на падвышэнне абарончага патэнцыялу Кіева. Гэта адбылося падчас саміту краінаў «Вялікай сямёркі».

«Мы падпісалі самую моцную дамову паміж Украінай і ЗША з часу нашай незалежнасці, – кажа прэзідэнт Украіна Уладзімір Зяленскі. – І гэта дамова аб бяспецы і аб абароне чалавека. Гэта пагадненне аб супрацы . І такім чынам аб тым, як нашыя краіны стануць мацнейшымі. Гэта пагадненне аб захадах для забеспячэння ўстойлівага міру, і таму гэта прынясе карысць усяму свету».

А вось пытанне прыняцця Украіны ў NATO, выглядае, пакуль адкладзенае. Прынамсі, да сканчэння вайны з Расеяй.

«Асноўная функцыя гэтага пагаднення – быць часовай падмогай да моманту, пакуль Украіна прыяднаецца да Альянсу, – разважае журналіст, маёр ЗСУ Тарас Беразавец. – ЗША бяруць абавязак на працягу наступных 10 гадоў прадстаўляць ваенна-тэхнічную дапамогу».

Вайна ва Украіне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейская ракета трапіла ў гандлёвы цэнтр у Дняпры.
Фота: ДСНС України / Facebook

Яшчэ адное рашэнне прынялі на саміце «Вялікай сямёркі» – вылучэнне Украіне 50-ці мільярдаў долараў. Гэта грошы з даходаў ад расейскіх актываў, якія цяпер замарожаныя ў Еўропе.

«Гэта моцны сігнал, які мы пасылаем Украіне, што мы будзем падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе за свабоду столькі, колькі спатрэбіцца. Гэта таксама моцны сігнал Пуціну, што Пуцін не можа перамагчы нас. Не еўрапейскія падаткаплатнікі плацяць за шкоду, якую Пуцін наносіць гэтай агрэсіўнай вайной, а Пуцін», – разважае старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

«Злучаныя Штаты, Група сямі і краіны па ўсім свеце паслядоўна адказваюць на пытанне, кажучы: так, мы будзем. Мы скажам гэта зноў, так, ізноў, ізноў і зноў. Мы будзем стаяць на баку Украіны», – дадае амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн.

Між тым Пуцін назваў свае ўмовы спынення вайны. Гэтак, Украіна мусіць адмовіцца ад намеру ўступіць у NATO, а таксама адвесці свае войскі з тэрыторыяў Данецкай, Запарожскай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў.

«Ён не ўзгадвае пра Крым. Крым у расейскім разуменні ёсць расейскім, і гэта вельмі паказальны факт. Пуцін паказвае, што, маўляў, давайце аддавайце мне ўсё, а я падумаю, ці будзеце вы жыць надалей. Гэтага не будзе, я ў гэтым перакананы і я хацеў бы, каб рэакцыя Захаду была адпаведнаю», – мяркуе ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Ужо ў суботу ў Швейцарыі распачнецца саміт міру. Колькасць яго ўдзельнікаў і ўзровень прадстаўніцтва дасюль невядомыя, але Расеі там не будзе дакладна.

Ян Федаровіч, «Белсат»