Чэмпіянат Еўропы па футболе распачнецца ўжо сёння


Трэці раз у гісторыі чэмпіянат Еўропы па футболе прымае Нямеччына. Гаспадары турніру згуляюць у матчы адкрыцця на мюнхенскай «Альянц-Арэне». Супернікамі немцаў стануцца футбалісты зборнай Шатландыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы ведаем, што гэта вялікая гульня. І мы ведаем, на што мы здольныя і што трэба зрабіць, каб прайсці кваліфікацыю. Гэта ўсё, на чым мы засяроджаныя. Маштабнасць дэбютнай гульні – гэта нешта накшталт другараднага шоу, і, спадзяюся, мы не занадта ў гэта залучымся. Наш дэвіз: мы заўсёды павінны паважаць усіх і нікога не баяцца! Таму мы прыязджаем сюды з вялікаю павагаю да краіны, што прымае. Мы ведаем, што гэта добрая каманда, але, спадзяюся, у гэты вечар мы зможам паказаць, што мы таксама добрая каманда», – заявіў галоўны трэнер зборнай Шатландыі па футболе Стыў Кларк.

Фармат першынства: 6 групаў па 4 каманды ў кожнай. Па дзве найлепшыя каманды кожнага з шасці квартэтаў выйдуць у 1/8-ую фіналу чэмпіянату Еўропы. Яшчэ чатыры найлепшыя зборныя, якія занялі 3-ія месцы ў сваіх групах, таксама працягнуць барацьбу ў плэй-оф турніру.

«Па ўсіх раскладах найбольш шанцаў на перамогу – у зборнай Англіі. Бо яна ідзе першай у букмекераў, яна мае вельмі класную генерацыю гульцоў, яны маюць досвед выступаў на буйных чэмпіянатах. Яны мінулы раз гулялі ў фінале чэмпіянату Еўропы», – мяркуе спартовы журналіст Аляксандр Івулін.

Паводле букмекераў, у тройку фаварытаў таксама ўваходзяць Францыя з каэфіцыентам 5.00 і Нямеччына з каэфіцыентам 6.50. Упершыню ў гісторыі ў фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы згуляюць Грузія і Сербія. А больш за ўсё перамог на гэтым турніры – у зборных Нямеччыны і Іспаніі, яны выгульвалі залатыя медалі па тры разы.

«У Сербіі, калі нават браць склад каманды, Сергей Мілынкавіч, Савіч, Душан Тадыч, Мікола Ёвавіч і многія іншыя гульцы – гэта вельмі моцная каманда, здольная не проста выйсці з групы, а стварыць сапраўдную неспадзяванку, якая можа дайсці вельмі далёка ў гэтым турніры», – кажа спартовы журналіст Арцём Сізінцаў.

Унікальныя склады – у зборных Албаніі і Даніі: усе гульцы выступаюць у замежных чэмпіянатах. Паводле «Трансфэрмаркту», самая ўзроставая каманда – у зборнай Шатландыі: сярэдні век футбалістаў – 28,2 года. Самы малады склад – у Чэхіі: 25,3.

«Я сто адсоткаў буду балець за зборную Грузіі. Я сто адсоткаў буду балець за зборную Украіны. Бо мне вельмі хочацца, каб у гэтых камандаў атрымалася. І вельмі хочацца, каб зборная Беларусі калісьці выйшла на топ-турнір і праявіла сябе вельмі добра на гэтым узроўні», – кажа Аляксандр Івулін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мінулы фінал Чэмпіянату Еўропы па футболе менчукі глядзелі дома, на стадыёне «Дынама» і на фудкорце «Пясочніца». Менск, Беларусь. 11 ліпеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

За тыдзень да пачатку «Еўра-2024» памежная служба Нямеччыны пачала правяраць дакументы ў тых, хто заязджае на тэрыторыю краіны з іншых дзяржаваў Шэнгенскай зоны. Улады краіны тлумачаць увядзенне праверак імкненнем не дапусціць пранікнення агрэсіўных футбольных хуліганаў ці ісламістаў. Таксама распрацавалі новую канцэпцыю працы паліцыі для гарантавання бяспекі заўзятараў на «Еўра-2024». У час турніру федэральную паліцыю Нямеччыны будуць падтрымліваць 580 замежных паліцыянтаў з усіх краінаў-удзельніц чэмпіянату Еўропы.

«Наяўнасць такога інфармацыйнага цэнтру сапраўды ўнікальная і ўсталюе новыя стандарты для іншых буйных спартовых імпрэзаў у Нямеччыне. Гэта ўплывае не толькі на спартовы абмен, але і на палітычны аспект бяспекі», – кажа федэральная міністарка ўнутраных справаў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр.

УЕФА мае намер выручыць на чэмпіянаце Еўропы рэкордныя 2 мільярды 400 мільёнаў еўраў. Прызавы фонд «Еўра-2024» не змяніўся ў параўнанні з «ЧЕ-2020» і склаў 331 мільён еўраў. Усе ўдзельнікі першынства атрымаюць мінімум па 9 мільёнаў 250 тысяч еўраў. Максімальная сума, якую можа атрымаць каманда-чэмпіён, калі выгуляе і ўсе тры матчы ў сваёй групе, складзе крыху больш за 28 мільёнаў еўраў.

Між тым да апошняга моманту было няясна, ці здолеюць футбольныя аматары ў Беларусі легальна глядзець «Еўра-2024». Белтэлерадыёкампанія спадзявалася паказваць матчы нелегальна. Аднак УЕФА паабяцала накласці за пірацтва санкцыі на беларускія клубы, якія сёлета згуляюць у Еўракубках, і БТ ад такой ініцыятывы адмовілася. А ўжо сёння іншы прапагандысцкі тэлеканал – СТВ – паведаміў, што стаў афіцыйным партнёрам УЕФА і разам з РТР-Беларусь пакажа чэмпіянат Еўропы. Пазней гэтую інфармацыю пацвердзілі і ва УЕФА. Фінал чэмпіянату адбудзецца 14-га ліпеня на Алімпійскім стадыёне ў Берліне, які змяшчае амаль 75 тысячаў гледачоў.

Руслан Ігнатовіч, Павел Алейнікаў, «Белсат»