«У гэтым усё адразу: і помста, і спробы запалохаць астатніх, хто яшчэ не дайшоў да крымінальнай адказнасці»


Палітвязень Сяргей Гунь абвесціў сухую галадоўку. Трымаў яе чатыры дні, ад сёння пачаў піць ваду, але галадаванне працягвае. На гэты адчайны крок ён пайшоў на знак пратэсту з-за свайго зняволення. Мужчыну затрымалі паводле абвінавачвання нібыта ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Былога дырэктара івэнт-агенцтва Сяргея Гуня, якога прызналі палітвязнем, схапілі 3-га чэрвеня на лецішчы пад Менскам. Мужчыну вінавацяць у папулярным у сілавікоў крымінальным артыкуле: удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Цяпер ён у ізалятары на Акрэсціна.

Выступаючы супраць свайго зняволення, Гунь абвясціў сухую галадоўку. Ён не еў і не піў чатыры дні. Паводле выдання «Наша Ніва», мужчына пачаў піць ваду, але працягвае галадаваць. Сёння ГУБАЗіК выклаў відэа, на якім палітвязень робіць колькі глыткоў вады. Але вядома, што падобныя ролікі запісваюцца пад прымусам.

«Зняволеныя часта ідуць на дастаткова неардынарныя крокі, часам гэтыя ўчынкі цяжка ацэньваюцца з пункту гледжання чалавека, які знаходзіцца на волі. Таму што зняволеныя знаходзяцца ў выключна траўмаваным стане, як фізічна, так і маральна. Можна па-рознаму ставіцца да спробаў галадоўкі, але гэта адзін з нямногіх варыянтаў пратэсту, якія ўвогуле ёсць у вязня», – распавёў «Белсату» праваабаронца цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Тым часам палітвязню Вячаславу Папову, асуджанаму на тры гады «хіміі», узмацнілі рэжым. Гарадзенскі суддзя Віталь Лабоцкі пастанавіў перавесці яго ў папраўчую калонію. Папову засталося адбыць за кратамі каля 9-ці месяцаў. Менчука затрымалі і моцна збілі летась у сакавіку, выставілі абвінавачанні паводле артыкулу аб удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Папову далі 3 гады «хіміі», тэрмін ён адбываў у Горадні.

«У гэтым усё адразу: і помста, і спробы запалохаць усіх астатніх, хто яшчэ не дайшоў да крымінальнай адказнасці, і спробы пацешыць сваё самалюбства, нагадаць, хто тут мацнейшы», – лічыць Сапелка.

Сумнае прывітанне ад лукашэнкаўцаў атрымаў і Павел Севярынец – адміністрацыя шклоўскай калоніі, дзе яго трымаюць, пазбавіла Паўла працяглага спаткання. Палітвязня прызналі «злосным парушальнікам рэжыму». Раней яму скарацілі колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў. Апошняе працяглае спатканне ў яго было летась у снежні.

Сёння ў Беларускім доме ў Варшаве зладзілі вечар салідарнасці з Паўлам Севярынцам. Сустрэча адбылася з нагоды другой гадавіны яго затрымання.

«Спатканні салідарнасці з кожным чалавекам, які робіць добрыя рэчы, – гэта важная справа. А для хрысціянаў – гэта ёсць абавязак. Трэба падтрымліваць адзін аднаго дзеля таго, каб мы больш актыўна рабілі дабро», – сказаў «Белсату» каталіцкі святар, удзельнік сустрэчы Вячаслаў Барок.

Севярынцу прысудзілі 7 гадоў зняволення быццам бы за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Ён сядзіць у калоніі ўзмоцненага рэжыму. На волі яго чакаюць жонка Вольга з сынам Францішкам, а таксама сябры і паплечнікі.

«Мы тут як сябры БХД выказваем яму павагу. Фактычна гэта сведчанне таго, што справа партыі БХД застаецца, структура ёсць на будучыню. Мы робім усё магчымае, каб справа Паўла жыла. Мы таксама аналізуем усё тое, што Павел казаў, і тыя запаветы ў палітыцы хрысціянскай дэмакратыі мы пераймаем і працягваем яго справу», – адзначыў у інтерв’ю «Белсату» арганізатар сустрэчы Яўген Дудкін.

У судзе Пружанскага раёну пачалі разглядаць справу палітзняволенай актывісткі Алены Гнаўк. Ёй за нібыта паклёп на Лукашэнку і дыскрэдытацыю Беларусі пагражае 6 гадоў калоніі. Таксама стала вядомая дата працэсу над журналісткай Ірынай Слаўнікавай. Судзіць нашую калегу збіраюцца 23-га чэрвеня.

Цяпер, згодна са звесткамі праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі 1232 палітвязні. Але насамрэч затрыманых паводле палітычных матываў значна больш, бо праваабаронцы не могуць ведаць пра ўсе справы, якія заводзяць сілавікі.

Сяргей Крот, «Белсат»