Беларускія і расейскія банкі працягваюць адлучаць ад SWIFT


Беларускія і расейскія банкі працягваюць адлучаць ад міжбанкаўскай сістэмы перадачы інфармацыі ды плацяжоў SWIFT. Гэткія захады робяцца, згодна з шостым пакетам санкцыяў Еўразвязу. Сёння яны пачалі дзеяць у тым ліку ў дачыненні беларускага «Белінвестбанку». Паводле эксперту цэнтра эканамічных даследванняў «BEROC» Анастасіі Лузгіной, у рэчышчы нейкіх наступстваў гэта перш за ўсё закране міжнародныя плацяжы кампаній, якія абслугоўваюцца ў Белінвестбанку. Па звыкламу сцэнару такія аперацыі ажыццявіць будзе ўжо немагчыма.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

SWIFT ужываюць больш за дзвесце краінаў. Ёсць і аналагі, але яны саступаюць паводле ліку падлучаных банкаў ды інфраструктуры абслугоўвання. У «Белінвестбанку» між тым супакойваюць: пасля адлучэння ад сістэмы для кліентаў нічога не зменіцца. У тым ліку не будзе абмежаванняў на працу пластыкавых картак у Беларусі, а за мяжой яны ўжо і так не працавалі. Раней, у сакавіку, ад SWIFT былі адлучаныя беларускія «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк развіцця. Эксперт называе такія санкцыі доўгатэрміновымі. Анастасія Лузгіна кажа:

«Гэта паўплывае на стан рэальнага сектара эканомікі. Ну і не дарма ж Нацыянальны банк сумесна з урадам дазволіў ажыццяўляць аплату беларускім экспарцёрам у замежнай валюце, доларамі-еўра у наяўнай форме».

У той жа час Белы дом яшчэ на год працягнуў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. У адмысловай пастанове, якая рэгулюе санкцыйны спіс ЗША, – 59 чалавек і 41 юрыдычная асоба з Беларусі. Цытата з сайту Белага дому:

«Дзеянні і палітыка некаторых чальцоў урада Беларусі і іншых асоб, а таксама шкоднасная дзейнасць і даўнія злоўжыванні беларускага рэжыму працягваюць уяўляць незвычайную і выключную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў».

А літоўскі ўрад забараніў увозіць з Беларусі ў Літву паліва ў каністрах.

Раней можна было мець з сабою 10 запасных літраў, цяпер – толькі тое, што ў баку аўтамабіля. Здаецца, бы кропля ў моры, аднак, паводле намесніка міністра замежных справаў Літвы Мантаса Адаменаса:

«Толькі калі зачыняюцца ўсе каналы і не робіцца ніякіх непрагназуемых паслабленняў санкцый, толькі тады рэжым можа змяніць свае паводзіны».

Пакуль жа дзеянні рэжыму Лукашэнкі працягваюць адбівацца на якасці жыцця і звычайных беларусаў, і беларускага бізнесу.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»