Раман Пратасевіч з'явіўся ў жывым эфіры на брыфінгу МЗС


На сённяшнім брыфінгу па сітуацыі з прымусовай пасадкай самалёту «Ryanair» у Менску нечакана з’явіўся затрыманы пад час гэтай пасадкі журналіст Раман Пратасевіч.

Паводле афіцыйнай версіі, спіс удзельнікаў брыфінгу змяніўся ў апошні момант. Маўляў, зʼяўленне Рамана Пратасевіча спантаннае і прадыктаванае выключна ягоным асабістым жаданнем паразмаўляць з прадстаўнікамі СМІ.

«Як вы самі можаце спраўдзіць, я адчуваю сабе цудоўна, са мной усё добра, у мяне няма ні на што скаргаў, ніхто мяне не біў і нават пальцам не чапаў, я проста хачу звярнуцца з просьбаю не распаўсюджваць далейшых чутак», – заявіў Раман Пратасевіч.

Рамана Пратасевіча вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»;
  • «Масавыя беспарадкі»;
  • «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці».

«Ну вы ж разумееце, дзе ён, адкуль яго прывезлі і куды яго назад прывязуць. І, напэўна, мае словы пра многае кажуць, чаму была праведзеная гэтая прэс-канферэнцыя, навошта яна была праведзеная. Вы ж разумееце, куды яго назад прывязуць і як трэба да ягоных словаў ставіцца», – пракаментавала маці Рамана Пратасевіча Наталля.

На брыфінг у Нацыянальны прэс-цэнтр былі запрошаныя і атрымалі акрэдытацыю журналісты незалежных выданняў, у тым ліку замежных. Здымачная група BBC пакінула брыфінг, як толькі стала вядома, што на ім будзе прысутнічаць Раман Пратасевіч. У сваім «Twitter» журналіст Джоўна Фішэр зазначыў: Пратасевіч там «відавочна пад прымусам».

Сам жа Раман не толькі адказваў на пытанні, але і спрабаваў іх задаваць:«Вы не верыце ў тое, што я кажу шчыра? Калі не верыце, так і скажыце».

Як ставяцца да чарговага зʼяўлення затрыманага Рамана Пратасевіча ў СМІ звычайныя беларусы? Мы запыталі на вуліцах Менску:

«Шмат фактараў другасных, якія ўказваюць, што чалавек пад псіхатропамі, у гэтую качку я не веру, што чалавек добраахвотна супрацоўнічае са следствам»;

«Няма веры таму, што зразумела ў якіх умовах брыфінг гэты адбываецца»;

«Як любы нармальны, адэкватны чалавек у гэтай краіне, разумее, што гэта ён сказаў пад ціскам. Яго дзяўчына ў закладніках. Я абсалютна яго ні ў чым не віню і вельмі спачуваю яму і яго бацькам».

Журналістка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова таксама прызналася, што не верыць у шчырасць Рамана. І выказала яму свае спачуванні.

«Асноўная мэта сённяшняга мерапрыемства, якое арганізоўвала МЗС Беларусі, – прыцягнуць увагу як мага большай колькасці атрымальнікаў, як мага больш шырокай аўдыторыі да тых пасылаў, да тых момантаў, на якія б яны хацелі звярнуць увагу», – адзначыла палітолаг Вольга Харламава.

Пасыл у высокапастаўленых чыноўнікаў наступны: ніякага перахопу самалёта і акту паветранага пірацтва не было, агучаныя аргументы супраць Беларусі – гэта фэйкі, а беларускі бок сам мае шэраг пытанняў да камандзіра самалёта «Ryanair».

«Не дачакаўшыся нават папярэдніх вынікаў расследавання ICAO, уся Еўропа, якая шчыруе за вяршэнства права, увайшла ў беззаконне, у поўнае парушэнне нормаў міжнароднага паветранага права», – заявіў кіраўнік Дэпартаменту авіяцыі Арцём Сікорскі.

Палітолаг Вольга Харламава мяркуе, што так падрабязна і адкрыта данесці да публікі сваё бачанне сітуацыі беларускаму боку дапамаглі анансаваныя чарговыя санкцыі. А таксама саміт NATO.

«Так, гэта апраўданне, бо яны сабралі ўсе абвінавачанні, яны сабралі ўсе недарэчнасці, свае недарэчнасці, і спрабуюць іх нівеляваць. Беларускі МЗС паспрабаваў выбіць пэўную інфармацыйную павестку ў еўрапейскіх краінаў», – кажа Вольга Харламава.

Напрыканцы брыфінгу Раман Пратасевіч адзначыў, што ён спадзяецца яшчэ на адно зʼяўленне перад прадстаўнікамі медыяў.

Ірына Карніенка, «Белсат»