«Лукашэнка піша Канстытуцыю сам для сябе». Агучылі новыя планы датычна змены Канстытуцыі


1995 год, чатырнаццатага траўня – Лукашэнка праводзіць першы рэферэндум. Беларусам задаюць чатыры пытанні: пра наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай нароўні з беларускаю, пра прыняцце новае дзяржаўнае сімволікі, пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй і пра магчымасць прэзідэнта распусціць парламент. Два з іх супярэчаць Канстытуцыі.

«Я маю на ўвазе пытанні пра статус беларускай мовы і пра дзяржаўныя сімвалы, якія адначасова з’яўляюцца нацыянальнымі гістарычнымі сімваламі», – распавядае былы дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Навумчык.

Расейская мова набыла статус другой дзяржаўнай і быў узяты курс на русіфікацыю. А гістарычныя бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня замянілі на цяперашнія дзяржаўны герб і сцяг. Ці прынялі іх беларусы за больш як чвэрць стагоддзя? Паразмаўлялі з жыхарамі Віцебску:

«Я лічу, што наш стары, бел-чырвона-белы быў бы больш да нас блізкі».

«Ды я думаю, што і цяпер нармальна».

«З бел-чырвона-белым сцягам звязана вельмі шмат гістарычных падзей, стварэнне такой дзяржавы, як БНР».

«Я і за герб, за сцяг, і за прэзідэнта, і за цяперашнюю ўладу, за ўсё».

Аднак уласна рэферэндум адбыўся ва ўмовах супрацьстаяння. За месяц да галасавання парламент падтрымаў толькі пытанне эканамічнае інтэграцыі з Расеяй. Лукашэнка заявіў, што, нягледзячы на пастанову дэпутатаў, рэферэндум адбудзецца паводле ўсіх чатырох пытанняў. Тады 19 дэпутатаў фракцыі Беларускі народны фронт абвесцілі галадоўку ў будынку Вярхоўнага Савету. Уначы іх жорстка збілі ды вывелі з будынку парламенту сілавікі. Сяргей Навумчык таксама быў сярод дэпутатаў, якія пратэставалі.

«Гэта абсалютна тэрарыстычны акт – такое фізічнае ўздзеянне на дзяржаўных дзеячаў падчас ажыццяўлення імі дзяржаўных функцыяў і паўнамоцтваў. Таму ўжо адно гэта робіць рэферэндум нелегітымным».

Лукашэнку было важна зблізіцца з Расеяй і пасля пабудовы Саюзнай дзяржавы паспрабаваць заняць пасаду ў Крамлі замест усё менш папулярнага Ельцына, распавядае пра прыхаваныя матывы кіраўніка Беларусі Сяргей Навумчык. Цяпер Лукашэнка плануе чарговы рэферэндум датычна новае Канстытуцыі. Навошта? Адказаў палітолаг Валерый Карбалевіч:

«Лукашэнка піша Канстытуцыю сам для сябе. Грамадства ў гэтым працэсе ніякага ўдзелу не бярэ, таму ён падганяе Канстытуцыю пад свае інтарэсы. Якія ў яго будуць інтарэсы, пакуль сказаць цяжка».

Сёння агучылі новыя планы датычна змены Канстытуцыі. Дэпутатам ніжняе палаты парламенту прапаноўваюць падвысіць узрост вылучэння – ад 25 гадоў, забараніць адначасова працаваць ва ўрадзе, абавязаць складаць прысягу народу і перадаць права тлумачэння Канстытуцыі Канстытуцыйнаму суду. Аднак галоўнае – гэта нібы абмежаванне заканадаўчае функцыі Лукашэнкі. Канстытуцыйная камісія прапанавала забараніць яму выдаваць дэкрэты, пры гэтым пра прэзідэнцкія загады – аніякае згадкі.

«Я не веру ў шчырасць намераў Лукашэнкі. Магчыма, тут справа ў іншым. Магчыма, што гэтыя паўнамоцтвы будуць пераданыя нейкаму іншаму органу, і Лукашэнка, мабыць, хоча ўзначаліць гэтыя органы. Пакуль што з аднаго гэтага факта рабіць нейкія высновы я б не спяшаўся», – лічыць Валерый Карбалевіч.

Лукашэнка мяняў Канстытуцыю пасля двух рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў. Тады ён атрымаў магчымасць распускаць парламент, фармаваць выканаўчую галіну ўлады, прызначаць усіх вышэйшых суддзяў, а дэкрэты і загады Лукашэнкі сталіся вышэйшымі за законы паводле юрыдычнае моцы. На працягу гэтага года плануюць падрыхтаваць новы праект зменаў. У пачатку наступнага – вынесуць на чарговы рэферэндум.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»