«Ён баяўся за беларускі народ. Бо даваў прысягу народу». 18 гадоў калоніі нібыта за дзяржаўную здраду


«Ён манкурт – той, хто пасля вонкавага ўздзеяння на сваю псіхіку страціў сувязь з аб’ектыўнаю рэальнасцю і страціў сябе», – пра справу афіцэра Дзяніса Урада дазналіся з другой часткі фільму тэлеканалу ОНТ «Манкурты».

14 сакавіка капітан Дзяніс Урад падчас дзяжурства на посце спецсувязі Генштабу сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра МУС міністру абароны і даслаў фотаздымак тэлеграм-каналу «Нехта». А ўжо праз 2 месяцы Вярхоўны суд прысудзіў Дзянісу 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем вайсковага звання.

«Ён пісаў мне ў лістах, што ён прызнаў сваю віну, што ён выклаў гэты дакумент. Таксама ён пісаў мне ў лістах, што ён проста баяўся за беларускі народ. Бо ён даваў прысягу народу. Таму, мне падаецца, ягоныя дзеянні – гэта было зразумела, ён вельмі правільны чалавек», – кажа жонка Дзяніса Ірына Урад.

Дзяніса Урада абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе як асобу, што застаецца на дзяржаўнай службе ў статусе вайскоўца. Ліст, што ён сфатаграфаваў, распавядаў пра прыцягненне вайскоўцаў да аховы абʼектаў падчас масавых беспарадкаў або надзвычайнага стану ў Беларусі. Суд над мужчынам цягнуўся 4 дні і быў закрытым. Жонка Ірына змагла трапіць на агучванне прысуду толькі таму, што туды пусцілі дзяржаўныя медыі.

«Пачуўшы прысуд… Ну, у мяне толькі адно тлумачэнне – напэўна, яны вельмі моцна баяцца, вельмі моцна баяцца, то іншага тлумачэння ў мяне на гэта няма», – робіць выснову Ірына Урад.

Працэс над афіцэрам адбываўся ў судзе найвышэйшае інстанцыі. Таму прысуд набыў моц адразу і абскарджванню не належыць. На думку праваабаронцаў, гэта моцна абмяжоўвае права падсуднага.

«Наколькі нам вядома, справу пад асабісты кантроль узяў Лукашэнка, і тое, што яму далі 18 гадоў, – гэта таксама было вынікам асабістае пастановы Лукашэнкі. То бок ён сам прызначыў яму прысуд. Суд, зразумела, толькі падпісваў усе гэтыя паперкі. Ну, і цяпер мы думаем, што рабіць, мы б вельмі хацелі дапамагчы сямʼі», – каментуе рэдактар тэлеграм-каналаў «NEXTA» Тадэвуш Гічан.

Праваабаронцы прызналі Дзяніса Урада палітычным зняволеным яшчэ 29 красавіка.

«Інфармацыя, якая была распаўсюджаная, хоць ёсць спасылка на дзяржаўную таямніцу, – мы лічым, што яна не можа ўяўляць дзяржаўнае таямніцы, бо датычыць інфармацыі пра стан грамадскае бяспекі, інфармацыі аб прыцягненні вайсковых кантынгентаў да аховы грамадскага парадку. Інфармацыя носіць выключна грамадскі інтарэс», – заяўляе намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Рэдакцыя тэлеграм-каналаў «НЕХТА» лічыць дакумент вельмі важным, бо ён пацвярджае афіцыйна факт наяўнасці вайскоўцаў на мірных дэманстрацыях. І дадае, што адзінаццатага жніўня берасцейца Генадзя Шутава застрэліў менавіта вайсковец Раман Гаўрылаў, якога прыцягнулі да разгону мірнага пратэсту.

«Яўна адмыслова зроблена, каб запужаць менавіта сілавікоў, якія засталіся верныя прысязе і беларускаму народу, каб яны нават не думалі старацца публікаваць нейкіх матэрыялаў, нейкіх злачынных загадаў», – адзначае Тадэвуш Гічан.

Мы спыталі ў жыхароў Менску, як яны ставяцца да прысуду і ўласна да справы. І вось якія меркаванні мы пачулі:

«Проста хочуць прыбраць чалавека, які будзе замінаць уладам».

«Я лічу, што здрада павінна быць пакараная».

«За забойства менш даюць. Занадта суворы прысуд».

«Як юрыст я магу сказаць, што вельмі суворы».

«Гэта зашмат для чалавека, які намагаецца дапамагчы нашай краіне».

Дзянісу Ураду 29 гадоў, у яго ўдома засталіся жонка і 4-гадовае дзіця. Напісаць ліст Дзянісу можна на адрас: СІЗА КДБ, а/с № 8, 220050, г. Менск.

Ірына Карніенка, «Белсат»