Постапакаліпсіс беларускіх інтэрнатаў уражвае сваёй маштабнасцю


Нешта не так у краіне для жыцця. Прынамсі, інтэрнат у Малых Нястанавічах Лагойскага раёну выглядае быццам дэкарацыя для камп’ютарнай гульні ў постапакаліптычным сетынгу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У такіх умовах там жывуць працаўнікі ды пенсіянеры мясцовага прадпрыемства «Нястанавічы-Агра»: сутарэнні затапляюцца, трубы цякуць, а будаўнічае смецце ляжыць пад вокнамі. Вянчае карціну разбураны ўваход у будынак. Сумны тэхнічны стан уласцівы інтэрнатам для працоўных па ўсёй краіне.

«Гэтыя інтэрнаты – гэта перажытак савецкага ладу. Прадпрыемства павінна займацца сваёй справай. Вырабляць прадукцыю з малака або вырабляць шыны. Калі гэта “Белшына”, напрыклад. А дзе жывуць людзі – гэта справа саміх людзей. Прадпрыемствы мусяць плаціць такі заробак, каб чалавек мог не пакутаваць у гэтых інтэрнатах, а зняць нармальнае жытло там, дзе ён жадае жыць», – кажа Аляксандр Кныровіч.

У Малых Нястанавічах людзі за жыццё ў такіх умовах плацяць 120-130 рублёў на месяц. У сярэднім гэта больш, чым аплата камунальных плацяжоў ва ўласнай трохпакаёўцы. Індывідуальныя лічыльнікі электраэнергіі ў пакоях інтэрнату не ўсталяваныя – аплата размяркоўваецца на ўсіх, незалежна ад спажывання.

«У кожным блоку або пакоі мусіць быць пастаўлены індывідуальны прыбор уліку электрычнасці. Яго трэба купіць, распрацаваць праект. А мы ўжо з кантэксту разумеем, што ва ўласніка не стае грошай проста пад’езды ў нармальным стане ўтрымліваць», – распавядае юрыст у сферы нерухомасці Аляксандр Штрыкуль.

Мясцовыя ўлады на шматразовыя звароты жыльцоў аб рамонце інтэрнату ў Малых Нястанавічах рэагуюць млява. Пакуль толькі здолелі падлапіць даху. Аднак ад вільгаці гэта не ратуе. Далейшы рамонт, маўляў, запланаваны на гэты год. Мы патэлефанавалі ў планава-тэхнічны аддзел Лагойскай камунальнай гаспадаркі па ўдакладненне. Акрамя паўтарэння таго, што рамонт запланаваны на гэты год, нічога падрабязней там адказаць не змаглі.

Сапраўды, стаўленне чыноўнікаў да людзей – паказальнае. Раскіданае будаўнічае смецце, што пакінулі пасля рамонту даху, дырэктар Лагойскай камунальнай гаспадаркі Яўген Халімоненка параіў прыбраць жыхарам. Як яшчэ можна паспрабаваць разварушыць чыноўнікаў? Юрыст рэкамендуе звяртацца ў Таварыства аховы правоў спажывальнікаў ці нават у суд.

«Самы танны спосаб – гэта, як ні дзіўна, механізм скаргаў, а калі казаць юрыдычнай мовай – выкарыстоўваць закон аб звароце грамадзянаў. Я раіў бы звярнуцца ў мясцовы выканаўчы орган у адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам. У іхнай кампетэнцыі дастаткова вялікі блок, у тым ліку і кантраляваць узаемаадносіны ў жыллёвай сферы», – дадае Аляксандр Штрыкуль.

З нядаўніх паказальных выпадкаў: летась у сакавіку з жыхароў інтэрнатаў пачалі здымаць яшчэ і арэндную аплату. У Магілёве незадаволеныя збіраюць подпісы за яе адмену – шмат каму проста няма чым плаціць. Таксама ў Магілёве сямʼя, што жыве ў інтэрнаце, атрымала камунальны рахунак, блізкі да сярэдняга заробку жыхароў такіх памяшканняў.

Згодна з вынікамі апошняга перапісу насельніцтва, больш за 7 адсоткаў беларусаў жывуць у памяшканнях, што класіфікуюцца як «прызначаныя для супольнага карыстання групаю людзей». Гэта каля сямісот тысячаў чалавек.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»