«Гэта ваенныя злачынствы, якія будуць прызнаныя светам як генацыд, – усё тое, што мы бачым»


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце да парламенту Эстоніі заклікаў Еўразвяз знайсці інструменты, што маглі б спыніць дэпартацыю ўкраінцаў у Расею. На сёння вядома пра паўмільёна выгнаных у Расею грамадзянаў Украіны. У адпаведнасці з міжнародным правам, гэтыя і іншыя дзеянні расейскіх уладаў падпадаюць пад азначэнне «генацыд».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абстрэл вакзалу ў Краматорску, калі там тысячы людзей рыхтаваліся да эвакуацыі. Блакада Марыупалю, расстрэл гуманітарных калідораў, давядзенне людзей да галоднай смерці. Бамбаванне гарадоў, катаванні і расстрэлы мірнага насельніцтва ў акупаванай зоне. Усё гэта – дзеянні арміі Расейскай Федэрацыі. Адным з сімвалаў нялюдскасці гэтай вайны Расеі супраць Украіны сталі вёскі і мястэчкі Кіеўскай вобласці: Барадзянка, Ірпінь, Буча.

«Гэта ваенныя злачынствы, якія будуць прызнаныя светам як генацыд, – усё тое, што мы бачым тут», – заявіў Уладзімір Зяленскі, наведваючы Бучу пасля вызвалення.

Дзеянні Расеі называюць генацыдам кіраўнікі дзяржаваў Балтыі, Польшчы, Вялікай Брытаніі ды Злучаных Штатаў. Джо Байдэн патлумачыў выбарцам, што кошт на бензін не мусіць залежаць ад дыктатара, які абвяшчае вайну і здзяйсняе генацыд:

«Так, я назваў гэта генацыдам. Усё больш відавочна, што Пуцін спрабуе сцерці з зямлі самую ідэю таго, што можна быць украінцам. Усё больш сведчанняў сапраўды жахлівых рэчаў, учыненых расейцамі ва Украіне, і будуць паведамленні пра новыя разбурэнні. Высветліць, ці адпавядаюць дзеянні расейскіх вайскоўцаў міжнародным крытэрам генацыду, змогуць юрысты. Але мне гэта падаецца бясспрэчным».

Прэзідэнт Францыіі пазбягае такіх моцных словаў, каб не губляць магчымасці тэлефанаваць у Крэмль і пераконваць Уладзіміра Пуціна спыніць вайну.

«Вы згодны з вызначэннем »генацыд«, калі мы ўжо ведаем пра 20 тысяч забітых у Марыупалі?» – спытала Макрона вядоўца французскага тэлебачання.

«Я бы сказаў, што Расея ў аднабаковым парадку пачала жорсткую вайну. Ужо высветлена, што ваенныя злачынствы былі здзейсненыя расейскай арміяй, і цяпер неабходна знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці. І гэта тое, што мы робім разам з украінцамі, высылаючы туды сваіх адмыслоўцаў. Сёння я быў бы асцярожным з такімі тэрмінамі. Таму што гэта братэрскія народы», – адказаў прэзідэнт.

Пуцін наадварот абвінавачвае ўкраінцаў у генацыдзе жыхароў так званых ДНР і ЛНР, штучна створаных расейскімі гібрыднымі сіламі ўтварэнняў.

«Працягваць трываць генацыд на працягу 8 гадоў было немагчыма. Украіну пачалі ператвараць у “антырасейскі плацдарм”, усяляк падтрымліваючы парасткі нацыяналізму і неанацызму», – заявіў Пуцін на касмадроме «Усходні».

Таму афіцыйна расейскія вайскоўцы едуць на вайсковую спецаперацыю супраць украінскіх нацыстаў.

А ў нацыстаў расейская прапаганда ўжо запісала ўсіх украінцаў, якія адчуваюць сябе ўкраінцамі, а не «маларосамі». Вызначаныя і мэты Уладзіміра Пуціна і ягоных генералаў: «поўная і канчатковая дэнацыфікацыя Украіны». Захоп тэрыторыі, увядзенне цэнзуры і татальнага кантролю, прымусовае перавыхаванне захопленага насельніцтва, выкараненне тых, хто супраціўляецца.

Гэта ўжо генацыд ці яшчэ не?

Паводле Канвенцыі аб перадухіленні злачынства генацыду, якую прыняла Генеральная асамблея ААН у 1948 годзе, генацыд – гэта дзеянні, скіраваныя на поўнае ці частковае знішчэнне нацыянальнай, этнічнай, расавай ці рэлігійнай групы. А канкрэтна.

– забойствы чальцоў гэтай групы

– прычыненне істотных цялесных пашкоджанняў ці давядзенне да разумовага разладу чальцоў такой групы

– наўмыснае стварэнне жыццёвых умоваў, разлічаных на поўнае ці частковае фізічнае знішчэнне такой групы

– захады для таго, каб у такой групе перасталі нараджацца дзеці

– гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую

Адказнасць за генацыд нясе кожны ўдзельнік, незалежна ад пасады і загаду, незалежна ад таго, у мірны час ці на вайне ён парушыў міжнароднае права.

Яраслаў Сцешык,«Белсат»