У свеце адзначаюць дзень закаханых


З самай раніцы ў «горадзе закаханых», Лаўлэндзе, што ў Каларада, працуюць валанцёры. У іх сур’ёзная задача: праставіць штампы на тысячы валянцінак закаханым.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння працуюць дасведчаныя валанцёры, самая дасведчаная з іх – міс Джойс Бостан. У красавіку ёй споўніцца 90 гадоў, 25 з іх яна штампуе святочныя паштоўкі», – распавядае валанцёрка Міндэй МакКлаган.

Гэтай традыцыі – амаль 80 гадоў. Ахвочых атрымаць пасланне са штампам Лаўлэнду штогод набіраецца да 300 тысяч асобаў.

Паветраныя шары ў форме сэрцайкаў, шакалад і цукеркі. Усё гэта пабачылі тыя, хто прыйшоў прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах на інданезійскім востраве Балі. Адмыслова да свята адзін з участкаў зрабілі ружовым.

«Я пачуваюся камфортна і шчаслівы ад таго, наколькі ўнікальны гэты выбарчы ўчастак. Ён адрозніваецца ад усіх, што я бачыў, і гэта проста ўаў-галасаванне. Займальна, што я магу галасаваць, адразу святкуючы Дзень святога Валянціна», – зазначае выбарнік Ні Команг Інтан Юльяні.

А ў Тайландзе да дня закаханых правялі незвычайную вясельную цырымонію. Адразу 9 параў з усходняй правінцыі Чонбуры абмяняліся клятвамі, седзячы на сланах.

«Вяселле праходзіць паводле тайскіх традыцыяў. Таму мы апранаемся ў народныя строі, каб адпавядаць атмасферы. Язда на сланах – гэта знакавая традыцыя краіны», – кажуць удзельнікі цырымоніі.

Дзень святога Валянціна ў Лондане.
Фота: Tayfun Salci / Zuma Press / Forum

Для вытворцаў кветак ва ўсім свеце 14 лютага – адзін з самых напружаных працоўных дзён у годзе. Калумбія экспартуе на сусветны рынак больш за 57 тон кветак. Генеральны дырэктар фірмы «Plazoleta Flowers» Паблё Баццані гаворыць:

«Апроч таго, што кветкі дораць чараўніцтва, яны дапамагаюць падтрымаць тых, хто працуе ў галіне кветкаводства. Калі браць Калумбію, гаворка пра больш як шэсцьсот тысяч асобаў».

Тым жа, хто расчараваўся ў каханні, можа спадабацца акцыя прытулку для жывёлінаў з Нью-Джэрзі. Там запусцілі кампанію «Стэрылізуйце свайго былога». У межах акцыі кожны ахвочы можа адправіць ва ўстанову 50 долараў і імя былога каханага. Бяздомную жывёліну назавуць у гонар гэтай асобы, а потым стэрылізуюць. Чакаецца, што такая акцыя дапаможа знізіць папуляцыю бяздомных катоў. А людзям – лягчэй перажыць расстанне. Па словах валанцёраў, найчасцей жывёлінак называюць Джэф, Майк, Ен і Тайлер.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»