Урад ізноў спрабуе «павесіць» калгасы на заводы


«Каго да каго сёння будзем далучаць?» – Лукашэнка не даў сваёй згоды на ўрадавую прапанову чарговы раз далучыць стратныя дзяржаўныя сельскія гаспадаркі да прамысловых прадпрыемстваў. 

«Я не разумею, навошта вы ламаеце існуючую сістэму? Што вас не задавальняе?», – пытае Аляксандр Лукашэнка чыноўнікаў на сённяшняй нарадзе. Ён учыніў разнос чыноўнікам за прапанову перапісаць указ, паводле якога дзяржаўныя прадпрыемствы бралі пад сваё крыло стратныя калгасы.

«Мінулымі загадамі мы не ствараем ніякіх прывабных умоваў для гаспадаркі-інвестара, мы толькі хочам для прадпрыемства, што возьме на сябе цяжар СПК, яму стварыць гэтыя ўмовы. Вось гэта асноўнае адрозненне, бо ў 399-м, 253-м у нас былі створаны ўмовы толькі для калгасаў», – справаздачыцца перад Лукашэнкам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

Гэтым разам чыноўнікі збіраліся «прыладкаваць» да прамысловага сектару 127 сельскагаспадарчых арганізацыяў, большасць з якіх працуе ў Гомельскай, Магілёўскай і Менскай вобласцях. Гэтак званыя спецыяльныя ўмовы меліся быць прынамсі для МАЗу.

За падтрыманне калгасаў урад прасіў рэструктураваць палову пазыкаў прадпрыемства. Лукашэнка выступіў супраць аднолькавых ільготаў для ўсіх: «Гэтак, мы мусім разабрацца. Патрэбная МАЗу гэтая ільгота – ну, напэўна, патрэбная, бо ў яго не авохці сваё матэрыяльнае становішча. Калі я быў у Петрыкаве, даручыў Галаватаму ўзяць некалькі прадпрыемстваў. Навошта яму гэтая льгота, ён багаты чалавек, навошта? Там дзяржаўнае прадпрыемства – і тут. А вы ўсім ільготы раздаяце!»

Практыка навешвання стратных калгасаў на дзяржаўныя прадпрыемствы не новая. Адпаведны ўказ быў падпісаны яшчэ ў 2004 годзе. Гэта дало як паспяховыя прыклады, так і не вельмі…

«Справа ў тым, што паспяховыя прадпрыемствы даўно закончыліся і цяпер ёсць прыклады негатыўнага ўплыву на такія прадпрыемствы, якія ў тым ліку сталі банкрутамі не без удзелу гаспадарак-філіялаў. У Магілёўскай вобласці гэта завод «Строммашына», Быхаўскі кансервавы завод. Менскі «Амкадор» пайшоў са Шклоўскага раёну і кінуў на незайздросны лёс ААТ «Любініцкае». Чыноўнікі даціснуць сітуацыю, бо на фінішы не яны будуць адказваць за вынікі», – на ўмовах ананімнасці кажа эксперт у галіне сельскай гаспадаркі.

Рабочы Сяргей Дылеўскі ўзгадвае, што за Трактарным заводам яшчэ здаўна быў замацаваны калгас. Ён лічыўся філіялам заводу, а наўзамен цалкам забяспечваў патрэбы харчавання на прадпрыемстве: «Гэта ў любым выпадку стратна, бо танней проста купіць, калі сезон, тую ці іншую вытворчасць, мяса ці бульбы, чым увесь год цалкам на сваім гарбу валачы гэты калгас».

Супраца паміж сельскагаспадарчымі і прамысловымі прадпрыемствамі дзяржаўнага сектару можа быць паспяховай, але пры пэўных умовах, кажа экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна: «Калі прадпрыемства, да якога далучаюць калгас, зацікаўлена, каб калгас выйшаў на добры ўзровень працы, і калі яно зацікаўлена ў нейкай кааперацыі з ім».

Паводле эксперткі, такой зацікаўленасці часта няма, бо далучэнне адбываецца зверху, на загад, а не праз узаемную выгадную ўсім бакам ініцыятыву.

«Мусіць быць разнастайнасць формаў уласнасці, калі сельскія прадпрыемствы ў нас у асноўным дзяржаўныя, дык губляюцца стымулы, характэрныя для прыватніка, калі прыватнік зацікаўлены выводзіць справу на прыбытак, а не спадзявацца толькі на дзяржаўныя рэсурсы», – зазначае Анастасія Лузгіна.

Паводле экспертаў у сельскай гаспадарцы, сітуацыя неадназначная: з аднаго боку – паспяховая прыватная ўласнасць не пашырае зоны свайго ўплыву; з другога боку – стратнасць дзяржаўных гаспадарак ужо прывяла да ўзнікнення эканамічных пустэльняў у бальшыні раёнаў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласцяў.

Аліна Скрабунова, Белсат