Санкцыйны ці не? Літва правярае груз з «Горадня Азоту»


Санкцыі ўведзеныя, а гандаль працягваецца. Хоць яго аб’ёмы і плыні бізнес старанна хавае. Мінулаю ноччу на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі фуры з, меркавана, угнаеннямі санкцыйнага прадпрыемства «Горадня-Азот». Вядзецца следства. Настойліва дамагаліся затрымання грузаў удзельнікі беларускага «Працоўнага руху» і іншыя актывісты, якія ўначы з 13-га на 14-га лютага перакрылі фурам дарогу.

Літоўскі пункт пропуску Райгайдарс. З беларускага пункту Прывалкі сюды прыбыў і прайшоў мытны кантроль ладунак з Горадні.

« – Загрузка на «Горадня-Азоту» была? – пытае журналіст.

– Так, так, – ківае кіроўца.

– Проста чаму пытаемся… «Горадня Азот» ж пад санкцыямі, не?

– Я не ведаю. Мне скажуць, давай на фірму, як называецца фірма. Я проста там прыбыў, загрузіў…»

Кіроўца распавёў пра сваю сціплую ролю, паказаў дакументы і некалькі разоў пацвердзіў: загружаўся на тэрыторыі заводу «Горадня Азот». За кадрам – голас Станіслава Івашкевіча – кіраўніка беларускага даследчага цэнтру. У інтэрвʼю ён нагадаў, што «Горадня-Азот» да санкцый быў буйным пастаўніком угнаенняў у еўрапейскія краіны. Што адбываецца цяпер?

«Завод робіць угнаенні з прыроднага газу. Сутнасць іхнай бізнес-сістэмы ў тым, што Пуцін даў Лукашэнку вельмі-вельмі танны газ узамен на дапамогу ў нападзе на Украіну. Лукашэнка цяпер зарабляе вялікія грошы, прадаючы гэтыя ўгнаенні перш за ўсё ў Еўропу. Еўропа вельмі буйны пакупнік Азотных угнаенняў», – кажа Станіслаў.

Еўразвяз увёў санкцыі супраць прадпрыемства: выраслі тэрміны паставак, звузілася геаграфія кліентаў. Але наколькі моцна?

Актывісты «Рабочага руху» расследуюць схемы абыходу санкцыяў менавіта грузавікамі. Каб спыніць адную з такіх перавозак (якая, як цяпер ведаем, накіроўвалася ў Сербію) актывісты правялі на мяжы двое содняў па наводцы крыніцаў у «Горадня Азот».

«Нам сігналілі, што карбамід (санкцыйную прадукцыю) збіраюцца перавозіць праз мяжу ў Еўразвяз. Нам сказалі, прыблізна калі будзе загрузка і калі машыны павінны будуць знаходзіцца на памежным пераходзе», – распавёў «Белсату» Аляксандр Сакалоў з «Рабочага руху».

За тое, каб карбамід не трапіў у Еўропу, прыйшлося дыскутаваць спачатку з паліцыяй. «Потым прыехалі літоўскія памежнікі, прыехала мытная служба і справа пайшла. Мы ім паказалі на ўсе факты парушэнняў», – дадаў Аляксандр.

Адзін, а неўзабаве і другі грузавік развярнулі на пераправяранне.

«Белсат» атрымаў афіцыйны каментар ад мытнага дэпартаменту пры Міністэрстве фінансаў Літвы. Згодна з суправаджальнымі дакументамі тавары не былі ўключаныя ў спісы санкцыйных, таму грузавікам дазволілі ўезд на тэрыторыю Літвы. Пасля перамоваў з актывістамі…

«Мытнікі вярнулі два грузавікі на пост для дадатковага правярання. У цяперашні час высвятляюцца абставіны інцыдэнту, а літоўская мытня пачала дасудовае расследаванне па факце магчымага парушэння міжнародных санкцыяў», – паведаміла прэс-сакратар Мытнага дэпартаменту Літвы Ліна Лаўрынайціце.

Следства ў інцыдэнце – пытанне не аднаго дня. А такіх разбіранняў будзе ўсё больш – абяцаюць актывісты і журналісты. Беларускі даследчы цэнтр вывучае схемы парушэння санкцыяў Горадня Азотам чыгуначнымі шляхамі. Выпадкова ці не, але менавіта сёння генпракурор Беларусі прапанаваў прызнаць арганізацыю экстрэмісцкай.

Юлія Цяльпук, Белсат