Чаго бракуе ў Беларусі – МАРГ апублікаваў рэкамендацыі да імпартазамяшчэння


Пра неабходнасць імпартазамяшчэння ўлады Беларусі гавораць даўно. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю штогод фармуе спісы імпартных тавараў, якіх бракуе ў Беларусі і рэкамендуецца выпускаць вытворцам.

«Гэта спіс толькі для журналістаў мабыць і ўсё. Ну і яшчэ для міністраў канешне», – смяецца аўтар праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Гэтак, сёлета ў спісе з’явіліся спажывецкія найменні тавараў: акварэльныя ды гуашавыя фарбы, маленькія і фігурныя шакаладкі, жавальныя цукеркі, мяккая карамель, сухія булёны-закрасы. Трапілі ў яго і ноўтбукі, хоць і Лукашэнка хваліўся запускам вытворчасці першага лэптопа ад «Гарызонту», а напярэдадні прадпрыемства абвясціла іх продаж за дзве тысячы пяцьсот дзевяноста дзевяць рублёў.

«Гэты спіс не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці. Ён пабудаваны на выснове дадзеных з мытні і ўсё, што ён вызначае, – толькі тыя тавары, што завозяцца ў краіну. І ўсё. Ніякіх высноваў, звязаных з маркетынгам, сабекоштам гэтай прадукцыі няма – і таму не варта на яго звяртаць ніякай увагі», – лічыць Аляксандр Кныровіч.

Практычнага значэння такі пералік тавараў з больш чым трохсот пазіцыяў не мае. Бо вытворцы хутчэй кіруюцца сваімі магчымасцямі, чым спісам. Не выкарыстаюць для яго рэалізацыі і тыя паўтара мільярда долараў крэдыту, што Расея выдае Беларусі на арганізацыю імпартазамяшчэння.

«Але яно датычыцца толькі такіх буйных прадпрыемстваў, якія вырабляюць штосьці для таго, каб потым як складнікі прадаць Расеі. Гэта менавіта датычыць частак для МАЗаў для іншых, але ніяк не датычыць тых спажывецкіх тавараў, што напісаныя ў спісе», – тлумачыць Аляксандр Кныровіч.

Расейскі крэдыт, аднак, – азнака таго, што Беларусь займае важнае месца ў расейскіх планах, бо праз санкцыі пытанне імпартазамяшчэння робіцца ўсё больш актуальным у суседняй краіне. І Расея моцна зацікаўленая, каб беларускія прадпрыемствы працавалі на расейскае імпартазамяшчэнне, таму і выдаткавала грошы на чарговы крэдыт, кажа расейскі эканаміст, дырэктар Цэнтру даследавання эканамічнай палітыкі эканамічнага факультэту МГУ Алег Буклемішаў:

«Самае галоўнае – што Расеі не трэба з нуля пачынаць нейкія працэсы, што гэта можа быць рэалізаванае на дзейнай вытворчай базе, на базе асвоенай экспертызы і наяўнасці дастатковага ўзроўню тэхналогіяў, каб рэалізоўваць гэткія праграмы».

Шчыруюць дзеля імпартазамяшчэння ў Расеі і ўлады Беларусі, не забываючы пры гэтым пра свае інтарэсы. Шэраг тавараў, як і раней, завозіцца ў Расею праз нелегальныя схемы. Пасля выяўлення чарговага беларускага каналу паставак у Расею ласося невядомага паходжання «Рассельгаснагляд» звярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбай спыніць афармленне ветэрынарных сертыфікатаў на гэткія прадукты.

Ірына Дарафейчук, Белсат