Рашэнне аб вывадзе расейскіх войскаў з Беларусі пасля вучэнняў будзе прымаць Пуцін


Любая агрэсія Расеі супраць Украіны выкліча неадкладны, скаардынаваны і магутны адказ, – запэўнілі міністры фінансаў краінаў «вялікай сямёркі». А тым часам пытанне вываду расейскіх войскаў з Беларусі пасля вучэнняў дагэтуль не развязанае. Лукашэнка і Пуцін яшчэ толькі будуць вызначаць тэрміны вываду ўзбраенняў падчас сустрэчы на гэтым тыдні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Спроба медыяцыі замест продажу ўзбраення. Нямецкі канцлер Оляф Шольц сустрэўся з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. А ўжо заўтра ў першага – перамовы з Уладзімірам Пуціным.

«Украіна можа быць упэўненая, што мы праявім неабходную салідарнасць, як мы гэта рабілі раней. Нямеччына – краіна з самаю вялікаю фінансаваю дапамогаю, якую мы пачалі для эканамічнай стабілізацыі Украіны, у параўнанні з усімі астатнімі», – Оляф Шольц.

Крытыкі абвінавачваюць канцлера ў нерашучасці і ўхіленні ад развязання спрэчкі паміж Расеяй і Захадам у пытанні Украіны. Берлін моцна залежыць ад Крамля, мяркуе палітолаг Алег Саакян: «Гэтай рашучасці ў Нямеччыны няма, і гэта цісне на нямецкае кіраўніцтва. Таму Нямеччына зараз можа граць ролю пасярэдніка, але з увагі на расейскія дзеянні і тое напружанне яна сёння не ёсць эфектыўнай».

Каб спыніць магчымую вайну, Украіна магла б адмовіцца ад імкнення ўступіць у NATO. Такое меркаванне выказаў украінскі амбасадар у Вялікай Брытаніі Вадзім Прыстайка. Ініцыятыву адразу ж падхапілі ў Крамлі, дзе выступаюць супраць пашырэння Паўночнаатлантычнага альянсу на ўсход.

«Пацверджаная адмова Украіны ад ідэі ўступлення ў NATO – гэта быў бы крок, які б спрыяў фармуляванню больш значнаму адказу на расейскую занепакоенасць», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Аднак мяняць курс на сяброўства ў альянсе Кіеў не збіраецца. «Перспектыва сяброўства Украіны ў NATO зафіксаваная ў Канстытуцыі, і ніякія рашэнні не могуць быць ухваленыя супраць асноўнага закону», – заявіў спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка.

Пакуль жа Расея працягвае сцягваць войскі да ўкраінскай мяжы. Учора эксперты «Конфлікт Інтэліджэнс Тым» зафіксавалі перакідванне тэхнікі 1-й гвардзейскай танкавай арміі з-пад Варонежу пад Белгарад і Вясёлую Лопань – гэта амаль 15 кіламетраў ад украінскай мяжы. Масква гатовая да нападу, перакананы Ігар Леўчанка: «Расея на сёння гатовая ў вайсковым плане да правядзення рознага кшталту аперацыяў супраць Украіны. Пры гэтым мы можам толькі дыскутаваць, ці можа яна праводзіць татальны наступ супраць Украіны тымі сіламі, якія яна сканцэнтравала вакол Украіны».

Каб атрымаць тлумачэнні аб прысутнасці расейскіх вайскоўцаў ля сваіх межаў, Кіеў запатрабаваў тэрміновую сустрэчу з Крамлём і шэрагам еўрапейскіх краінаў. У выпадку любой агрэсіі супраць Украіны чальцы «вялікай сямёркі» абяцаюць Маскве «неадкладны, скаардынаваны і магутны адказ».

«Мы хутка і разам адрэагуем на парушэнне суверэнных межаў Украіны. Нячаста бывае так, што «Вялікая сямёрка» робіць заявы наконт актуальных дыпламатычных пытанняў. Цяпер гэта неабходна», – падкрэсліў міністр фінансаў Нямеччыны Крыст’ян Лінднэр.

За ўдзел у расейскай агрэсіі адказнасць можа панесці і Беларусь. На днях у амерыканскі Кангрэс унеслі законапраект аб новых санкцыях супраць афіцыйнага Менску. Аляксандр Лукашэнка спрабуе апраўдвацца: «Гэта брахня, вось тут Лукашэнка гатовы напасці на Украіну. Мне гэта ніколі не трэба было, не трэба і цяпер». Лукашэнка заявіў, што плануе сустрэчу з Пуціным, каб абмеркаваць вывад расейскіх войскаў з Беларусі.

«Паводзіны Аляксандра Лукашэнкі кажуць пра тое, што ён цалкам ператварыўся ў асобу, якую кантралюе Крэмль, і выконвае ўсе распараджэнні і пажаданні Крамля», – адзначыў аглядальнік Ігар Леўчанка.

Сёння міністры абароны Украіны і Беларусі правялі тэлефонную размову. Дзеля ўмацавання ўзаемнага даверу яны дамовіліся пра ўзаемныя візіты аташэ на вучэнні, якія адначасова адбываюцца на тэрыторыі нашых краінаў.

Антон Каменскі, «Белсат»