Лукашэнку дазволяць кіраваць да 80 гадоў


Больш за пяць тысячаў прапановаў па зменах у праект Канстытуцыі паступіла ад грамадзянаў, заявіла старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава. Адна з прапановаў – дазволіць Лукашэнку кіраваць Беларуссю да 80 гадоў. Тым часам тэлеграм-канал «Чэсныя людзі» паведамляе, што ў камісіі па рэферэндуме пачалі прымаць былых сілавікоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэлемост паміж Горадняй і Лідай праўладны Саюз моладзі зладзіў упершыню. Толькі па Гарадзенскай вобласці БРСМ правёў 25 сустрэчаў для абмеркавання праекту Канстытуцыі. Па адзін бок мосту – кіраўнікі Гарадзенскага рэгіёну, па другі…

«Не пабаюся гэтага слова самыя актыўныя маладыя людзі з ліку працуючай і навучэнскай моладзі», – паведаміла вядоўца.

Аб зменах у Канстытуцыю задаваць можна любыя пытанні, нават самыя каверзныя, тлумачыць мадэратар. Кіраўнік Гарадзенскай вобласці :

«Гэтыя змены патрэбныя не нам, ужо дзейнаму пакаленню кіраўнікоў, нам са старой Канстытуцыяй, напэўна, ужо прасцей».

У кампаніі «Канстытуцыя. Моц асноўнага закону» БРСМ тлумачыць, што Канстытуцыю мянялі тройчы: у 1995, 96-м і 2004 гадах. Спачатку – пашырыліся паўнамоцтвы прэзідэнта, ён атрымаў права распускаць парламент, потым – павялічыўся тэрмін кіравання на два гады і, нарэшце, зніклі абмежаванні для колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Праўладнае аб’яднанне «Белая Русь» таксама збірае прапановы ў праект асноўнага закону. Па ўсёй краіне дзейнічае 150 грамадскіх прыёмных абʼяднання.

«Прымаем, фіксуем усё гэта, і перадаем у вышэй стаячую арганізацыю. А тая арганізацыя скіроўвае ў канстытуцыйную камісію. Тут мы не робім ніякіх падтасовак, нічога не робім», – заявілі ў Аршанскай раённай арганізацыі «Белай Русі».

У аб’яднанне скіравалі некалькі сотняў прапановаў. Арганізацыя падсумавала іх на ўласным сайце. Адна – датычыць колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў. Большасць тых, хто скіраваў прапановы, схіляецца, што ня варта ўводзіць абмежаванні, патлумачыў дзяржаўнаму тэлеканалу «Звязда» эксперт абʼяднання, палітолаг Пётр Пятроўскі:

«Большасць схіляецца да таго, трэба не тэрмінамі абмяжоўваць, а планкай узросту. Напрыклад, прапаноўваюцца такія планкі ўзросту, як 75–80 гадоў».

Прадстаўнікі ўладаў праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах. Паводле старшыні Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай, грамадзяне скіравалі больш за 5 тысяч прапановаў.

«Ніякага абмеркавання няма, ёсць ягоная імітацыя. Улады ніяк не могуць растлумачыць, навошта патрэбная новая Канстытуцыя. Тыя тлумачэнні, якія робяцца, гэта ўвогуле пустыя словы», – перакананы палітолаг Валер Карбалевіч.

З дапамогаю плебісцыту рэжым імкнецца вярнуць легітымнасць, страчаную пасля выбараў 2020 года, перакананы Валер Карбалевіч. Тым часам стратэгія дэмакратычных сілаў падчас рэферэндуму застаецца нязменнай.

«Мы будзем дабівацца ў міжнароднай супольнасці непрызнання гэтага рэферэндуму прэвентыўна, каб дзяржавы загадзя заявілі, што яны не прызнаюць вынікаў», – заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Дэмакратычныя сілы заклікаюць сарваць плебісцыт: у дзень галасавання прыйсці на выбарчыя ўчасткі, зрабіць бюлетэнь несапраўдным, апусціць яго ў скрыню і паінфармаваць аб гэтым платформу «Голас».

Антон Каменскі, «Белсат»