На Мазырскім НПЗ адбыўся пажар


Следчы камітэт пачаў праверку здарэння на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. На прадпрыемстве сцвярджаюць, што парушэнняў тэхналагічнага працэсу няма, усе аб’екты заводу працуюць у звычайным рэжыме. Але ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў паведамілі, што трыццыцідзевяцігадовы работнік заводу атрымаў апёкі каля 90 % паверхні цела і памёр на месцы. Ён, паводле папярэдніх звестак, падчас начной змены мусіў праверыць механізм пасля рамонту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Заўсёды адбываюцца такія выпадкі, калі працэсы не наладжаныя, – адзначыў сузаснаваннік «Рабочага Руху» Юрый Рававы. – Таму што гэта пакуль не вядомая вытворчасць. Няясна, як можа павесці сябе абсталяванне. І ўзнікаюць фактары, якія яшчэ не вывучаныя».

Гэта не першае сёлетняе здарэнне на Мазырскім НПЗ: у студзені гарэў новы механізм гідракрэкінгу. А ў жніўні ратаўнікі выязджалі на пажар у цэх вытворчасці бензіну.

У гэтым годзе аварыі зафіксаваныя таксама на «Горадня-Азоце», Наваполацкім НПЗ, на Маладзечанскай мэблевай фабрыцы.

Пры некаторых здарэннях не абышлося без ахвяраў. Гэтак, у лістападзе ад пажару на «Віцебскдрэве» пацярпеў працаўнік.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: «Гомельская праўда» / gp.by

Сур’ёзныя пашкоджанні атрымалі 5 асобаў на «Беларуськалію» ў выніку падзення ў шахце транспартавай кабіны. Яшчэ пяцёра працаўнікоў атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы і апёкі пры здарэнні на Аршанскім мясакансервавым камбінаце. Ад пажару ў цэху філіялу «Бабушкиной крынки» ў Чавусах загінуў галоўны інжынер. На думку Юрыя Рававога, справа ў парушэннях правілаў бяспекі.

«Недастаткова пільна адносяцца і кіраўнікі да інструктажоў уводных і першасных. І недастаткова потым людзі самі дбаюць пра сябе. Бо не разумеюць, якім небяспечным можа быць новае».

Паводле дэпартаменту Дзяржінспекцыі Мінпрацы, летась вытворчы траўматызм у беларускіх арганізацыях скараціўся на 5 % у параўнанні з 2021 годам: адпаведна, 1886 і 1781 чалавек. Колькасць жа загінулых засталася на ранейшым узроўні. Аднак дакладных лічбаў кіраўнік Дэпартаменту не агучыў.

Марына Яновіч, «Белсат»