Рэпрэсіі рэжыму: тэрміны павялічваюцца


Супраць затрыманай тыдзень таму былой журналісткі Ларысы Шчыраковай распачалі крымінальную справу. Вінавацяць яе паводле артыкулу 369-1 у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», падрабязнасці крымінальнай справы невядомыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дыскрэдытацыя так званая – тут такі прастор для фантазіі тых, хто жадае прымяніць гэты артыкул. Фактычна ўсё што заўгодна можна прымяніць – і гэта пераклікаецца з трыццатымі гадамі, з 37-м», – кажа праваабаронца Васіль Завадскі.

Паводле гэтага артыкулу былой журналістцы пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Нягледзячы на пагрозы, Ларыса Шчыракова прынцыпова заставалася ў Беларусі, займалася культурніцкімі праектамі, вучылася на псіхолага.

Праваабаронца Васіль Завадскі лічыць, што небяспека затрымання і вялікія тэрміны пагражаюць цяпер усім актывістам.

«Справа ў тым, што на содні за падзеі 2020 года цяпер немагчыма ўжо пасадзіць, бо прайшлі тэрміны прыцягнення да адказнасці. Таму з’яўляецца матывацыя ў прадстаўнікоў рэжыму заводзіць крымінальныя справы паводле цяжкіх злачынстваў. Яны гэта робяць, бо ім трэба паказаць сваю работу, сваю неабходнасць», – кажа Васіль Завадскі.

Пяцярых асобаў будуць судзіць па справе «Тут.бай». Усім ім інкрымінуюць ухіленне ці дапамогу ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Апроч таго, Людмілу Чэкіну, Марыну Золатаву, Вольгу Лойку і Алену Талкачову вінавацяць у арганізацыі распальвання сацыяльнай варожасці і ў распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Кацярыну Ткачэнку вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Паводле пракуратуры, фігуранты справы мелі непасрэднае дачыненне да публікацыі інфармацыйных матэрыялаў, у якіх змяшчаліся, між іншага:

– загадзя пазітыўная ацэнка дзеянняў апанентаў улады;

– свядома негатыўнае адлюстраванне рашэнняў асобаў, іншых грамадзянаў, якія выступалі за захаванне дзейнага канстытуцыйнага ладу;

– прыхаваная каардынацыя пратэставай актыўнасці ў грамадстве;

– звесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне і на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Сузаснавальнік «Тут.бай» Кірыл Валошын лічыць, што працэс будзе чарговым паказальным судзілішчам, якое не мае дачынення ні да законнасці, ні да правоў чалавека.

«Пастановы дзяржаўных чыноўнікаў не толькі можна, але і трэба крытыкаваць, асабліва калі яны датычаць правоў, свабодаў, калі яны прыводзяць да збіванняў, катаванняў і забойстваў уласнага народу», – перакананы Кірыл Валошын.

У справе «Тут.бай» летась затрымлівалі паўтара дзясятка асобаў. Усе яны застаюцца пад падпіскай пра нераскрыццё інфармацыі. Марына Золатава і Людміла Чэкіна ўжо амаль шэсцьсот дзён за кратамі.

«На жаль, чым далей, тым менш лістоў і інфармацыі даходзіць як у адзін бок, так і ў іншы. Таму мы ведаем, што яны адносна здаровыя і, наколькі магчыма ў гэтай сітуацыі, бадзёрыя. Гэта жалезныя жанчыны насамрэч»., – кажа Кірыл Валошын.

Не выйшла на волю пасля чарговых пятнаццаці содняў адміністратыўнага арышту праваабаронца Наста Лойка, інфармацыі пра месца яе знаходжання няма. Насту Лойку затрымалі дваццаць восьмага кастрычніка і ўжо двойчы пакаралі арыштам, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве. У выніку катаванняў яна моцна захварэла.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»