Беларусь бачаць на баку агрэсара


Афіцыйны Кіеў прапаноўвае рэфармаваць ініцыятыву «Усходняе партнёрства», і паставіць на першае месца пытанне бяспекі. Міністр замежных справаў Дмытро Кулэба падкрэслівае, што Беларусь прыпыніла свой удзел у праграме і выступіла на баку агрэсара, то бок Масквы. Мы можам нагадаць, што супраца з Еўразвязам ва «Усходнім партнёрстве» з боку афіцыйнага Менску прыпынілася пасля 2020-га года, калі рэжым Лукашэнкі распачаў беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў. 2 гады пасля гэтага ўкраінскі ўрад, у якім працуе Дмытро Кулэба, не ўводзіў санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і працягваў з ім гандаль і супрацу спецслужбаў да моманту адкрытага ўварвання Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Афіцыйная Вільня дапускае магчымасць транзіту ўкраінскага зерня праз Беларусь, але выключна на звычайных камерцыйных умовах, без патрабаванняў з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Міністр замежных справаў Літвы нагадаў, што тавары свабодна ідуць у Клайпедскі порт паводле звычайных кантрактаў.

«Але калі на стале з’явяцца нейкія палітычныя патрабаванні, то Урад, без сумневу, умяшаецца. І тут мы кажам ясна: ніякіх палітычных перамоваў з рэжымам Лукашэнкі аб транзіце праз тэрыторыю Беларусі ў Літву не будзе», – заявіў Габрыелюс Ландсбергіс.

Такім чынам Габрыелюс Ландсбергіс адказаў на спробы прадстаўнікоў Лукашэнкі ў Арганізацыі абʼяднаных нацыяў звязаць пытанне транзіту ўкраінскага зерня з адменай санкцыяў адносна экспарту беларускіх калійных угнаенняў.

Сёння ж Міністэрства эканомікі і камунікацыяў Эстоніі канчаткова забараніла дзяржаўнай чыгуначнай кампаніі перавозіць грузы з Расеі і Беларусі. У выніку падтрымкі расейскай агрэсіі Аляксандрам Лукашэнкам нашую дзяржаву ў Талліне бачаць, як саўдзельніка ваенных злачынстваў.

Еўразвяз пакуль не ўзгадніў 9-ты пакет антываенных санкцыяў адносна Расеі, але паслабленняў чакаць не варта, заявіў кіраўнік Нямеччыны.

«Зараз мы робім санкцыі яшчэ больш жорсткімі, і ўсе мусяць гэта зразумець. Сваёй вайной Пуцін разбурае не толькі інфраструктуру, гарады і вёскі Украіны. Ён не толькі знішчае неверагодную колькасць чалавечых жыццяў і не толькі рызыкуе жыццямі сваіх салдатаў, бо гэта таксама частка праўды – незлічоная колькасць людзей загінула за імперыялістычныя спробы захапіць суседнюю тэрыторыю. Насамрэч гэтай вайной ён разбурае і будучыню Расеі», – падкрэсліў Олаф Шольц.

Афіцыйны Берлін дадасць у дапамогу Кіеву яшчэ 50 мільёнаў еўраў на зімовы перыяд. Пра гэта паведаміла міністарка замежных справаў Анналена Бэрбак у Парыжы. Там праходзіць канферэнцыя ў падтрымку Украіны.

«Нам трэба некалькі катэгорыяў абсталявання: трансфарматары, абсталяванне для аднаўлення высакавольтных сетак, газатурбінныя і газапоршневыя энергаблокі», – звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі Уладзімір Зяленскі.

Еўразвяз адчыніць у Польшчы энергетычны цэнтр – rescEU, каб дапамагчы Украіне ў галіне энергетыкі. Пра гэта ў Парыжы паведаміла старшыня Еўракамісіі. Ад пачатку адкрытай фазы вайны Еўразвяз мабілізаваў для Украіны 800 генератараў. Цяпер, апроч генератараў, перададуць трансфарматары і сістэмы экстраннага электразабеспячэння і вылучаць сродкі на 30 мільёнаў энергазберагальных LED-лямпачак.

«У мяне ёсць добрыя навіны. Учора ўвечары мы дамовіліся пра 18 мільярдаў еўраў для Украіны, паўтара мільярды штомесяц. Так што будзе стабільная плынь падтрымкі бюджэту», – паведаміла на канферэнцыі старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Тым часам Генеральная асамблея Міжнароднага саюзу чыгунак падтрымала ініцыятыву «Укрзалізныцы» аб поўнай забароне ўдзелу Беларусі і Расеі ва ўсіх відах дзейнасці гэтай арганізацыі, бо Беларуская Чыгунка таксама ўдзельнічае ў перакідванні расейскіх войскаў. У Міжнародны саюз чыгунак уваходзіць больш за 200 чыгуначных кампаніяў з усяго свету. Сяброўства Беларусі і Расеі ў арганізацыі было часова прыпынена яшчэ ў сакавіку.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»