Украіна можа скасаваць бязвіз з Беларуссю


Дачыненні Украіны і Беларусі – найгоршыя за ўсю іх гісторыю. У лютым з Беларусі ва Украіну пайшлі танкі, а ў ліпені на сайце прэзідэнта Зяленскага з’явілася петыцыя з прапановаю адмяніць бязвізавы рэжым з Беларуссю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Свабодны ўезд беларусаў ва Украіну аўтары гэтай петыцыі называлі пагрозаю нацыянальнай бяспецы сваёй краіне. І вось дакумент сабраў 25 тысяч подпісаў, неабходных для таго, каб пытанне разгледзеў Уладзімір Зяленскі. Прэзідэнт Украіны, згодна з законам, адрэагаваў:

«Я кантралюю захады, скіраваныя на ўзмацненне рэжыму выканання кантролю за мінаннем грамадзянамі Беларусі мяжы з Украінай. Цяпер Кабінету міністраў Украіны прапанавана разгледзець факт узнятага пытання электроннага звароту ў адпаведнасці з кампетэнцыяй, а таксама працягнуць адпаведную працу з улікам развіцця сітуацыі, выканання захадаў аховы нацыянальных інтарэсаў нашай дзяржавы і яе грамадзянаў».

Таксама Уладзімір Зяленскі ўдакладніў, што цяпер з Беларуссю працуе толькі адзін кантрольна-прапускны пункт на Валыні, праз які ўкраінцы могуць вярнуцца назад у сваю краіну. Для грамадзянаў Беларусі і трэціх краінаў перасячэнне беларуска-ўкраінскай мяжы забаронена. Па каментар наконт імавернай адмены бязвізу беларусам мы звярнуліся ў Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі.

«Мы зыходзім з таго, што гэтае пытанне трэба разглядаць комплексна. Па-першае, нельга і не зусім правільна падыходзіць у ацэнцы адносінаў грамадства Расейскай Федэрацыі і грамадзянаў Расеі да вайны ва Украіне і грамадства беларускага. Якое абсалютна выступае супраць вайны ва Украіне. І супраць удзелу беларускіх войскаў ва Украіне. Гэта база, падстава», – кажа Павел Латушка.

Супраць ініцыятывы стваральнікаў петыцыі выступіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім:

«Асабіста я не падтрымліваю такой ініцыятывы. Цяпер на тэрыторыю Беларусі шмат прыязджае ўкраінскіх грамадзянаў, якія бягуць з Расеі, якія спрабуюць уцячы ад вайны, з акупаваных тэрыторыяў, у тым ліку з Крыму. Для якіх самы просты шлях вярнуцца ва Украіну – гэта ўсё-такі праз Беларусь. Я не хацеў бы цяпер капіяваць тут тое, што мы маем цяпер з Расеяй. Там быў гэты крок цалкам апраўданы. Што да Беларусі, я такой логікі тут не бачу».

Калі Украіна ўвядзе візавы рэжым з нашаю краінаю, то рэжым Лукашэнкі можа адказаць люстэркава. І гэта нанясе сурʼёзныя перашкоды найперш самім украінцам, мяркуе Павел Латушка:

«Гэта значыць, што ўкраінцы, якія сёння вымушаныя зʼязджаць у сувязі з пераследам з тэрыторыі Расеі, ці нават выязджаючы з акупаваных тэрыторыяў РФ праз тэрыторыю Беларусі, будуць мець вялікія складанасці з атрыманнем візаў. Гэта будуць стварацца штучныя перашкоды. Штучныя перашкоды для людзей у камунікацыі ў памежнай зоне. Хаця, канечне, яны і цяпер абмежаваныя. Усё гэта дзеянні, якія не будуць спрыяць нашаму разуменню і ўзаемадзеянню».

Сітуацыя ўскладняецца дзеяннямі рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Іхнымі планамі разгарнуць на тэрыторыі Беларусі ля мяжы з Украінай абʼяднаную групоўку войскаў. На экстранай нарадзе лідараў «Вялікай сямёркі» Уладзімір Зяленскі прапанаваў размясціць на ўкраінска-беларускай мяжы назіральнікаў і міратворчы кантынгент. Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч на прапанову Зяленскага адрэагаваў даволі спакойна. Паводле яго, калі Украіне гэта трэба, то ён як бы і не супраць. А вось міністр замежных справаў Уладзімір Макей выказаўся ў негатыўным ключы.

«Калі будуць накіраваныя адпаведныя прадстаўнікі заходніх краінаў на мяжу Беларусі і Украіны, то гэта азначае фактычна ўцягванне гэтых трэціх краінаў ва ўкраінскі канфлікт», – кажа міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

У самой жа Украіне кажуць, што сочаць за маштабамі расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі і гатовыя рэагаваць.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»