У піянеры запісваюць без згоды бацькоў. Настаўнікі ціха скардзяцца, але не пратэстуюць


13 верасня 1990-ага года ў Беларусі на базе савецкай арганізацыі была створаная Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Пры рэжыме Лукашэнкі дзяцей масава запісваюць у піянеры, не пытаючыся згоды бацькоў і пры ціхім абурэнні і абыякавасці настаўнікаў. Навошта патрэбная піянерыя, і што яна з сябе ўяляе, у нашым матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хлопчыкі і дзяўчаткі ў чырвона-зялёных гальштуках. Піянерыя – так, як некалі ў Савецкім Саюзе, – кантроль і замбаванне пачынаецца з самых маленькіх.

Але, не ўсё так дрэнна, – мяркуе наш суразмоўца, палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Стварыць нейкі гітлерюгенд не ўдалося. У піянерыю ўступаюць дзеці для галачкі, як гэта было ў Савецкім Саюзе. Толькі ў СССР усе былі ў піянерыі 100 адсоткаў, а цяпер, наколькі я ведаю, вось мой сын вучыўся, ён нікуды не ўступаў. Мы яго яшчэ доўга рыхтавалі, што казаць, калі раптам прапануюць, каб не ўступаў, дзе ён вучыўся. Некаторыя менскія школы ёсць, дзе нават не прапаноўвалі, ведаючы, якія там бацькі».

Звычайная справа, што ў бацькоў увогуле не пытаюць дазволу, каб запісаць дзяцей у арганізацыю, распавядае былая гомельская настаўніца Ганна Саламонава, якую ў 2020 годзе звольнілі за ўдзел у пратэстах:

«Спіс класу. Ты проста ставіш плюсік – хто ўступіў. Тым больш, калі гэта пачатковая школа. У старэйшых класах усё гэта адбываецца так: прыходзіць альбо намеснік дырэктара, альбо педагог-арганізатар, даводзіць табе план – вось у цябе 8 чалавек павінныя ўступіць у піянеры, потым у БРСМ».

Усё гэта – так званая арганізацыйная праца настаўнікаў, у якую ўваходзіць таксама прымусовы ўдзел дзяцей у сумнеўных імпрэзах:

«Такіх імпрэзаў у школе вельмі шмат. Узяць хаця б наведванне хакейных матчаў, на якія ты мусіш весці ўвесь клас. Лекцыя, не лекцыя – нікога не цікавіць. Ты павінен забяспечыць яўку. Адмыслова складаецца загад, мы ўсе распісваліся і ехалі».

Гэта не дапамагае эфектыўнаму навучанню, працягвае Ганна Саламонава. Настаўнікі моцна наракаюць на сітуацыю, але ў сваёй кар’еры спадарыня Ганна не памятае выпадкаў адкрытага супраціву з боку педагогаў.

Лукашэнкаўская ж адміністрацыя на сваім сайце піша:

«Сёння Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя – гэта (…) рэальны ўнёсак у будучыню Беларусі».

Але, што гэта за прышласць?

«Моладзь прынясе ў будучыню Беларусі, спадзяюся, зусім не тое, чаго хоча Лукашэнка, і што напісана на ягоным сайце. Усе падзеі паказваюць, што чым маладзейшы чалавек, тым меншае падтрыманне было ў яго і да падзеяў 2020 года, і тым больш цяпер – меншае падтрыманне цяперашніх уладаў і цяперашняга дыктатара», – кажа Віталь Цыганкоў і дадае, што моладзь жыве іншым жыццём. Нягледзячы на ўсе спробы насадзіць чырвона-зялёную ідэалогію.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»