«Каманда праганяць праз ІЧУ»


Аб’яднанне былых сілавікоў «BYPOL» супольна з «Кіберпартызанамі» абнародавала новыя запісы тэлефонных размоваў. У іх цяперашнія сілавікі абмяркоўваюць, як фальсіфікаваць адміністратыўныя справы супраць пратэстоўцаў, а таксама скардзяцца, што чорную працу выконваюць РАУСы, а ўсю славу сабе забірае ГУБАЗіК.

Супрацоўнік ГУБАЗіКу піша фіктыўны рапарт. Следчы камітэт выносіць пастанову аб правядзенні ператрусу. Пракурор – санкцыянуе… Паводле такой схемы сілавікі атрымлівалі дазвол ламаць дзверы ў кватэрах іншадумцаў.

«Па БЧБ-сімволіцы – ну, па гэтым я тлумачыў, што рабіць. Пажадана, каб гэтыя людзі, калі яны маюць для нас гэты інтарэс, пажадана, каб яны заехалі на ІЧУ адпачыць. То бок адпаведна, калі па сімволіцы, то 23.34. Групы праінструктаваць. Нікому нічога не даруем болей. Пагрукалі ў дзверы – дзверы не адчыняе – гэта непадпарадкаванне. Там нешта пырхнуў, б*, нешта не захацеў прапусціць у пакой – непадпарадкаванне», – казаў у тэлефоннай размове намеснік начальніка КМ МУС Менаблвыканкаму Ігар Качалаў супрацоўніку Валожынскага РАУС Арцёму Гульбе.

Паводле такой схемы сілавікі прыйшлі да жыхаркі Менску Крысціны. У межах ператрусу ў яе забралі сімволіку і тэхніку, а саму дзяўчыну пакаралі арыштам. Пра што дзяўчына пагадзілася распавесці на ўмовах ананімнасці:

«Правялі ператрус, завезлі спачатку ў Савецкі РАУС, пасля на Акрэсціна. Агулам я там прабыла тры дні, і пасля мяне выпусцілі з паперкай, што я падазраваная паводле крымінальнай справы».

Ідэйным кіраўніком карных аперацыяў супраць мірных жыхароў мікрараёну Новая Баравая і гораду Дзяржынск «BYPOL» называе намесніка начальніка крымінальнай міліцыі МУС Менаблвыканкаму Ігара Качалава. Ён жа сачыў, каб у ІЧУ да палітычных падсаджвалі «свайго чалавека», а пасля вербавалі:

«І мяне цікавіць – праца па нізе, па ўнутрыкамернай, мы яго падключылі, не падключылі, што там у нас пад чалавекам?»

Адказвае Качалаву начальнік крымінальнай міліцыі Стаўбцоўскага РАУС Міхась Мугура:

«У нас ёсць чалавек, зараз ён дапрацуе з забойцам, і мы яго перасадзім. Ён з Карэлічаў прыехаў, ёсць чалавек, які будзе з ім працаваць».

ГУБАЗіК і РАУСы разам чыняць рэпрэсіі супраць мірных грамадзянаў Беларусі, але паміж структурамі – жорсткая канкурэнцыя. Пра гэта сведчыць расследаванне «BYPOL» і «Кіберпартызанаў».

«Па Дзяржынску таксама сказалі. Тое, што я там паўтара тыдня прасядзеў, б*, што пагасілі Дзяржынск, а ў выніку апынулася, што гэта толькі ГУБАЗ там працаваў» – размаўляюць паміж сабой Качалаў і начальнік крымінальнай міліцыі Менскага РАУС Валерый Валасюк.

Працаўнікі РАУСаў не толькі запаўняюць усе паперы, а яшчэ і вымушаныя свяціцца ў якасці сведкаў на судах. Яны робяць усю чорную працу і ім за гэта ані падзякі, ані корцікаў ад Лукашэнкі.

«Гэта якраз канкурэнцыя паміж аддзяленнямі, сярод якіх бачнае маральнае аблічча гэтых супрацоўнікаў ГУБАЗіК – як мы бачым, іх ужо ніхто не паважае, нават калегі з аддзелаў. Таму што яны працы не робяць, а атрымліваюць усе ўзнагароды», – тлумачыць прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL» Аляксандр Азараў.

На думку Аляксандра Азарава, сённяшнія праваахоўныя органы Беларусі ператварыліся ў сапраўдную злачынную арганізацыю, якая падлягае ліквідацыі і прыцягненню да крымінальнай адказнасці. Маўляў, у новай Беларусі створаць новую праваахоўную сістэму.

«Усе злачынствы, якія былі здзейсненыя на тэрыторыі Беларусі і якія зараз здзяйсняцца… Відавочна, што яны будуць пакараныя і збіраюцца доказы таго, хто гэта здзяйсняў, каб потым іх прыцягнуць да адказнасці», – заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях Сяргей Зікрацкі.

І тэлефонныя запісы ад «BYPOL» і «Кіберпартызанаў» якраз могуць быць такімі доказамі ў міжнародных інстанцыях. Сёння крымінальныя справы за злачынствы беларускага рэжыму супраць мірных грамадзянаў распачатыя толькі за мяжою – у Літве і Польшчы. Існуюць ініцыятывы для адкрыцця аналагічных справаў у Чэхіі і Нямеччыне.

Ірына Карніенка, «Белсат»