13 тысяч наймітаў з Беларусі: інфармацыйны ўкід?


Тэлеграм-канал «Беларускі гаюн» знайшоў тлумачэнне выбухам, якія прагрымелі на занятым расейскімі войскамі аэрадроме ў Зябраўцы. Там гарэў танк – сцвярджаюць аналітыкі. Пры гэтым беларускія адмыслоўцы не знайшлі пацверджання заявам украінскага Генштабу пра масавую рэкрутацыю беларусаў на вайну ва Украіне. Якую шкоду расейскім агрэсарам нанёс зябраўскі інцыдэнт і чым можна патлумачыць заявы ўкраінскіх вайскоўцаў пра новую пагрозу з Беларусі.

У ноч на 11 жніўня ў Зябраўцы выбухнуў танк – верагодна, у выніку ўзгарання рухавіка, мяркуе праект «Беларускі гаюн». Кампанія MAXAR апублікавала свежыя спадарожнікавыя здымкі аэрадрому пад Гомлем. На іх аналітыкі разгледзелі рэшткі танка, вайсковы кран і рамонтна-эвакуацыйную машыну.

«Тое, што мы бачым на здымку, – сапраўды Т-72 і вайсковы кран. Ён мог пацярпець таксама, калі б адбылася дэтанацыя боекамплекту, або паліўнага баку, але я сумняюся, што ў танку, які праходзіў капрамонт і ў якім мянялі рухавік, мог быць боекамплект», – кажа кіраўнік грамадскай арганізацыі «Беларусь 2.0. Робім разам» Сяргей Бульба.

Колішні аэрадром савецкай дальняй авіяцыі стаяў закінуты 28 гадоў. Але на пачатку лютага расейцы перавезлі туды транспартныя і ўдарныя верталёты, якія 24 лютага атакавалі Украіну. У красавіку, пасля адступлення расейскіх войскаў з Кіеўшчыны, верталёты зніклі. Затое з’явіліся расейскія ракетныя комплексы.

Як паведамляў «Беларускі гаюн», на аэрадроме, які поўнасцю занялі расейскія войскі, цяпер да 10-ці зенітных ракетных комплексаў С-300 і С-400, два супрацьпаветраныя комплексы «Панцыр», не менш за два ракетныя комплексы «Іскандэр», а таксама радары, якія забяспечваюць іх працу.

28 ліпеня з Зябраўкі па Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцях расейскія войскі запусцілі не менш за 25 ракетаў.

«Скарыстанне зенітна-ракетных комплексаў у рэжыме зямля-зямля аказалася значна больш эфектыўным, чым зямля-паветра. І ўсе апошнія прылёты, якія былі на Харкаўшчыне, напрыклад, – яны дзяўблі менавіта зенітнымі ракетамі», – падкрэсліў Сяргей Бульба.

Тым часам дзясяткі медыяў Украіны распаўсюдзілі інфармацыю пра 13 тысячаў былых і дзейных беларускіх вайскоўцаў, якія нібыта пагадзіліся ваяваць супраць Украіны. Масква праводзіць у Беларусі прыхаваную мабілізацыю – заявіў вядомы вайсковы аналітык Алег Жданаў.

«Расея навербавала з пачатку вайны 13 тысячаў. На мяжы траўня-чэрвеня з’явілася інфармацыя, што на запарожскім кірунку ваююць да паўтары тысячы беларусаў. А ўчора зʼявілася інфармацыя, што Расея навербавала 13 тысяч з ліку былых вайскоўцаў», – зазначыў эксперт.

Аднак звесткі пра шматтысячную вярбоўку не дайшлі ні да беларускіх журналістаў, ні да аналітыкаў з «Беларускага гаюна», ні да грамадскіх актывістаў.

«Пра гэтыя паўтары тысячы, якія нібыта ваююць на запарожскім кірунку, я чуў месяцы паўтара таму, прычым нават ад украінскіх ССО-шнікаў. Прычым яны кажуць, што беларусы нібыта свядома не хаваюцца, ездзяць на БТР са сваёй сімволікай. Я іх папрасіў: «Хлопцы, дайце хоць адзін фотаздымак, я ўжо не кажу пра палоннага разам з БТР. З таго часу нічагусенькі не паступіла», – падкрэсліў Сяргей Бульба.

Украінскія вайскоўцы або вядуць інфармацыйную вайну, або спакушаюцца на сенсацыі, – мяркуе Сяргей Бульба. «13 тысяч чалавек з ліку дзейных і былых вайскоўцаў беларускіх сіл спецыяльных аперацыяў і АМАПу падпісалі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны», – заявіў 11-га жніўня начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў. Ягоная заява і зрабілася падставай для навіны пра масавую вярбоўку, якую паўтарыў, між іншых, вядомы публіцыст Віталь Портнікаў.

«Па каментар, які датычыць пазіцыі Генеральнага штабу Збройны сілаў Украіны, трэба звяртацца да Генеральнага Штабу Збройных сілаў Украіны. Як гэта заўжды бывае ў час вайны, украінскія грамадзяне адрэзаныя ад крыніцаў інфармацыі, якую агучваюць афіцыйныя органы. […] Як там акумулюецца інфармацыя – гэта таксама пытанне выключна да ўкраінскіх афіцыйных структураў», – патлумачыў нам Віталь Портнікаў.

«Белсат» ужо скіраваў запыт у прэс-службу ЗСУ. Пакуль лічба 13 тысячаў рэальных ці патэнцыйных наймітаў выглядае непраўдападобнай.

Уся беларуская армія і ўнутраныя войскі налічваюць да 60-ці тысячаў вайскоўцаў, з якіх дзве траціны – жаўнеры тэрміновай службы. У ССА, якія згадваў генерал Громаў, служыць усяго 6 тысячаў чалавек. У АМАПе – паўтары тысячы. Сабраць 13 тысяч наймітаў з Беларусі гэта раўнавартасна таму, што ў Расеі сабраць армію наёмнікаў з больш як двухсот тысячаў чалавек. Крэмль, які рэкрутуе ў прыватныя вайсковыя кампаніі нават вязняў, пакуль не змог сабраць і 20-ці тысячаў.

Заява пра вярбоўку – не першае сенсацыйнае паведамленне, якое не знайшло пацверджання. У чэрвені ўкраінская выведка заявіла, што беларускія чыноўнікі вывозяць свае сем’і з Мазыра, асцерагаючыся тэракту. 4-га жніўня Упраўленне стратэгічнай камунікацыі ўкраінскай арміі паведаміла пра намер расейцаў вывезці з Беларусі 12 тысячаў тонаў снарадаў. Ані «Беларускі гаюн», ані супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, якая ў чэрвені выкрыла вываз партыі боепрыпасаў, звестак пра такую масавую чыстку складоў пакуль не публікавалі.

Аляксандр Папко, «Белсат»