Прэса – гэта экстрэмізм

Журналістку BBC у Маскве Сэру Рэйнсфард, якая днямі задала Аляксандру Лукашэнку пытанне пра рэпрэсіі, санкцыі і страту легітымнасці, прымушаюць з’ехаць з Расеі да канца жніўня. Ёй не падаўжаюць візы. Атакуюць і беларускіх журналістаў – цяпер інфармацыйную прадукцыю парталу TUT.by і Zerkalo.io прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Анастасія Русецкая

Матэрыялы парталу TUT.by і яго сацсетак, а таксама Zerkalo.io прызналі экстрэмісцкімі. Пастанову прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску. У лік экстрэмісцкіх трапілі і лагатыпы TUT.by і Zerkalo.

«Пад адміністратыўны артыкул падводзяцца фактычна мільён беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў, якія і посцілі матэрыялы парталу, і размяшчалі спасылкі на навіны, на раздзелы парталу. 99 % беларускіх СМІ падводзяцца пад артыкул, таму што бальшыня з іх, уключаючы дзяржаўныя і тыя, што паліваюць нас безупынна граззю, выкарыстоўвалі і лагатып, і спасылкі на нашыя матэрыялы», – кажа сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын.

Гэтак, паводле падлікаў журналістаў, толькі сайт выдання «СБ.Беларусь сегодня» мае ажно 1607 згадак і спасылак на TUT.by. Адміністратыўным правапарушэннем распаўсюд прадукцыі TUT.by і Zerkalo.io будзе лічыцца пасля таго, як кантэнт занясуць у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Пазоў падало Міністэрства ўнутраных справаў на пачатку чэрвеня. Тады ён датычыў выключна кантэнту TUT.by. Аднак у гэты панядзелак яго дапоўнілі просьбай прызнаць экстрэмісцкімі таксама і матэрыялы Zerkalo.io.

«На жаль, мы не ведаем, на якой падставе яны ўгледзелі ў публікацыях «Зеркала» нейкія прыкметы экстрэмізму. Мы дагэтуль не азнаёміліся з матэрыяламі. Магчыма, гэта зрабіла нашая абарона на судзе. У нас пакуль ніякай інфармацыі няма, якія менавіта матэрыялы выклікалі прэтэнзіі МУС Беларусі», – гаворыць выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара Zerkalo.io Ганна Калтыгіна.

Рэдакцыя Zerkalo.io адзначае, што большая частка каманды TUT.by не мае да новага праекту ніякага дачынення.

Абскарджваць пастанову суда будзе і Zerkalo.io, і TUT.by, паколькі юрыдычна гэта дзве розныя кампаніі.

«Мы рэалісты. Мы разумеем, што хутчэй за ўсё гэта ні да чаго не прывядзе. Але гэта магчымасць, дадзеная нам законам. Значыць мы будзем яе выкарыстоўваць», – зазначае Ганна Калтыгіна.

Сайт Zerkalo.io на тэрыторыі Беларусі заблакаваны. Гэта было зроблена ў першы ж дзень працы новага медыя – 8 ліпеня. Чытаць матэрыялы можна ў сацсетках, а таксама ў мабільнай праграме, якая экстрэмісцкай не прызнаная.

«Паважаныя чытачы, калі ласка, працягвайце падпісвацца і на Zerkalo.io, і на медыя-рэсурсы, на сацыяльныя сеткі TUT.by былыя – цяпер яны Zerkalo.io. Закон дазваляе заставацца чытачамі», – падкрэслівае Кірыл Валошын.

Не прадугледжаная ў заканадаўстве адказнасць таксама для герояў публікацыяў і экспертаў, якія даюць каментары.

Кірыл Валошын упэўнены, што беларусы не адмовяцца ад права атрымліваць праўдзівую інфармацыю. Нягледзячы на ўсе спробы ўладаў дыскрэдытаваць незалежныя медыі. Цягам жніўня экстрэмісцкімі прызналі таксама «Белсат» і і спартовы інтэрнэт-рэсурс «Трыбуна».

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама