Літва стабілізавала мігранцкі крызіс


Літва заяўляе пра стабілізацыю на мяжы з Беларуссю.

«На гэтым тыдні мы не пусцілі ў Літоўскую Рэспубліку каля двухсот нелегальных мігрантаў. Калі казаць агулам, ад 2-га жніўня – гэта 1340 асобаў. На гэты лік варта глядзець крытычна. Гэта могуць быць адныя і тыя ж людзі», – кажа міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Ад 2-га жніўня Літва стала вяртаць нелегальных мігрантаў у Беларусь – краіну, адкуль яны ідуць. А пазней прапанавала кожнаму, хто паспеў прамінуць мяжу, па 300 еўраў за вяртанне на радзіму.

«Спачатку яны мусяць зразумець, што ніхто іх тут не чакае і што яны ў Нямеччыну не паедуць, таму што тое, што ім абяцалі – гэта хлусня. Гэта самы складаны момант, бо яны нам ня вераць, таму што думаюць, што мы ім хлусім», – кажа дырэктарка дэпартаменту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце.

На пачатку жніўня ў Руднінкайскім міграцыйным лагеры адбыўся бунт. А сёння ноччу з лагера ў АлІтускім раёне праз падкоп уцяклі 32 чалавекі. Дваіх злавілі, за астатнімі паднялі верталёт. Знайсці ўцекачоў – пытанне двух дзён, у базе дадзеных ёсць адбіткі пальцаў, кажа ЭвелІна ҐудзінскАйце.

«Калі нехта зловіць іх у Нямеччыне або Польшчы, яны проста пабачаць, што гэтыя мігранты трапілі ў Еўразвяз праз Літву, і іх вернуць назад у Літву», – кажа Эвеліна Гудзінскайце.

У міграцыйным крызісе Еўропа вінаваціць беларускія ўлады. Сёння ж уначы на мяжы адбылося нетыповае здарэнне: беларускі памежнік трапіў на тэрыторыю Літвы. На відэа відаць – мэтанакіравана. Яго засёк патруль аховы. Кажуць, у гэты момант службовец размаўляў праз тэлефон. Беларусь ніяк здарэння не каментуе.

«Праз асобныя каналы на ўзроўні ўпаўнаважаных асобаў, беларускі бок ведаў пра гэты інцыдэнт. Мы ініцыюем яго расследаванне. Таксама ў найбліжэйшы час МЗС выставіць ноту пратэсту Беларусі, сказала міністарка МУС», – кажа камандаючы дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас.

Ад пачатку года ў Літву з тэрыторыі Беларусі трапілі звыш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў. Цяпер сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы палепшылася, але горш стала на мяжы Беларусі з Латвіяй і Польшчай. Пытанне неўзабаве абмяркуюць міністры ўнутраных справаў краінаў Еўразвязу.

Надзея Бельская, «Белсат»