Сілавікоў кінулі на аграрны фронт


Па ўсім свеце гэта сезонныя працы, а ў Беларусі зноўку бітва. За ўраджай. І зноўку ў дапамогу камбайнерам кінулі людзей у пагонах. Ратаўнікі праводзяць інспекцыю тэхнікі, міліцыянты лезуць у паліўныя бакі прыватных аўтамабіляў, а пракуроры заводзяць усё новыя крымінальныя справы. Пры гэтым аграрны сектар у Беларусі – у лідарах сярод карупцыі.

Калі вы на прыватным аўтамабілі праехалі па беларускай вёсцы побач з мехдваром ці зернясховішчам – будзьце гатовыя да міліцыянтаў са шпрыцамі. Інспектары ДАІ праводзяць рэйды на вёсцы, глядзяць, у каго ў баку фарбаваная «салярка» для трактароў. А ўсё таму, што трактары і камбайны належаць дзяржаўным прадпрыемствам.

«Сам прыватнік у сябе красці не будзе. Ёсць шмат фермерскіх гаспадарак, дзе кантралююць на іншым узроўні, а працаўнікам нявыгадна красці», – тлумачыць адмысловец у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.

Проста цяпер па ўсёй Беларусі ідуць пракурорскія праверкі ў аграрным сектары. Саджаюць і дырэктараў саўгасаў, і чыноўнікаў з выканкамаў. Гэтак у Полацкім раёне адразу трох дэпутатаў сельсаветаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

«Сярод галінаў, якія найбольш закранае карупцыя, варта вылучыць сельскую гаспадарку. Мы заўважна актывізавалі працу ў АПК на даручэнне кіраўніка дзяржавы. Толькі за студзень – травень 2023 года ў аграрнай галіне выяўлена 160 карупцыйных злачынстваў, што ў разы больш, чым за аналагічны перыяд летась», – заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед.

Загад Лукашэнкі, каб пракуроры трэслі аграрыяў, гэта не штосьці новае. Алег Талерчык распачаў працу ў пракуратуры 22 гады таму якраз у такой раённай пракуратуры, дзе асновай службы быў агульны нагляд, перадусім за сельскай гаспадаркай.

«Колькі скралі, колькі цялятак і кароваў памерла, колькі збожжа давезлі і не давезлі. Заўсёды мы, пракуроры, з гэтага жартавалі, што круцім хвасты каровам», – распавядае былы пракурор Алег Талерчык.

Калі чыноўніка паставіць на працэсы, звязаныя з рынкавымі коштамі, то заўжды будзе карупцыя, тлумачаць эксперты. А ў Беларусі сельская гаспадарка ў большасці належыць дзяржаве і мае вялізную долю стратных прадпрыемстваў.

«Калі ўзяць нашых заходніх суседзяў, Польшчу і Літву, ці агулам усю Еўропу, там сельская гаспадарка прыватная. І прыватнік не будзе браць хабар, каб набыць штосьці ці прадаць штосьці. У нас, на жаль, эканоміка рэгуляваная», – падкрэслівае Мікалай Лысянкоў.

Бо ёсць адзін чалавек, які фермерам на месцы камандуе, як сеяць, як даіць і як курэй карміць. У такой сістэме быць старшынём калгасу ці дырэктарам АПК – непрэстыжна і небяспечна. Працуеш на акладзе, мусіш выконваць план згары, але адказваеш за кожнага скотніка і за кожную карову.

«У загон выгналі не той, які трэба. Не пачысцілі своечасова. Так, кіраўнік не змог арганізаваць. А як ён арганізуе, калі яго па 5 разоў на дзень у райвыканкам выклікаюць. Часам даходзіць да таго, што кіраўнік і ў саўгасе не бывае, а больш часу бавіць на нарадах», – тлумачыць рэаліі беларускіх аграрыяў Мікалай Лысянкоў.

Аснова цяперашняга валу праверак і крымінальных справаў у аграрным сектары Беларусі – гэта дробныя крадзяжы, мор скаціны, або пастаўкі чагосьці праз фірму-пракладку. Але найбольш грошай крадуць праз буйныя дзяржаўныя праграмы падтрымкі, праз канцэрны кшталту «Белдзяржхарчпрам», кажа Алег Талерчык.

«Потым да гэтых людзей ужываюць артыкул 88. І Лукашэнка іх мілуе. Іх не прыцягваюць да крымінальнай адказнасці», – распавядае былы пракурор.

Што да дробных аграрных прадпрыемстваў, там цяпер дэфіцыт кіраўнікоў і намеснікаў. Па ўсёй Беларусі адкрытыя дзясяткі вакансіяў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»