Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічае ў вывазе ўкраінскіх дзяцей?


Беларускі Чырвоны Крыж чарговы раз парушыў свае асноўныя прынцыпы – незалежнасць і нейтральнасць. Генеральны сакратар таварыства Дзмітрый Шаўцоў паехаў у акупаваныя Лісічанск і Марыупаль, начапіўшы на сябе сімвал расейскай агрэсіі. Зрэшты, гэта не першы раз, калі Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа трапляе ў цэнтр медыйнага скандалу. Таксама Шаўцоў прызнаў, што арганізацыя дапамагала рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з занятых расейцамі тэрыторыяў.

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў наведаў акупаваныя Марыупаль і Лісічанск. Там ён даў інтэрв’ю расейскім прапагандыстам, прадэманстраваўшы літару «Z» на рукаве – знак агрэсіі супраць Украіны. Хаця адзін з базавых прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа – нейтральнасць.

«Нейтральнасць як прынцып усталёўвае забарону на адданне перавагі аднаму з бакоў падчас ваенных дзеянняў. Відавочна, што ранейшыя выказванні гэтай асобы, а таксама адзін з сімвалаў расейскай агрэсіі на рукаве спадара Шаўцова сведчаць пра грубае парушэнне гэтага прынцыпу», – патлумачыў на ўмовах ананімнасці юрыст-міжнароднік, знаёмы з дзейнасцю Беларускага Чырвонага Крыжа.

Прадстаўнікі таварыства і раней рабілі сумнеўныя з гледзішча нейтральнасці заявы. Гэтак, кіраўніца гомельскай абласной арганізацыі і адначасова дэпутатка Савету Рэспублікі Ала Смаляк публічна выступала з ваяўнічаю рыторыкай.

«І сёння, вядома, ніводзін агрэсар, ведаючы, што мы маем ядравую зброю, не наважваецца на нас напасці. Нават падумаць не наважыцца. Бо прэзідэнт сказаў, што будуць жорсткія захады ў адказ», – казала Ала Смаляк у эфіры абласнога тэлебачання.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа спрабавалі ўтрымаць украінцаў, якіх расейцы вывезлі ў Беларусь, ад вяртання на радзіму. Таму хлусілі, што Польшча не пускае да сябе ўкраінскіх мужчынаў, пісала выданне «Флагшток».

«Сёння Беларускі Чырвоны Крыж фактычна ёсць часткай дзяржаўнай сістэмы рэжыму Лукашэнкі. Усе датычныя да дзейнасці таварыства ведаюць пра фіктыўны характар выбараў яго кіраўніка, чыё прызначэнне адбываецца ў адміністрацыі Лукашэнкі», – мяркуе юрыст, да якога мы звярнуліся па каментар.

Кіраўнік арганізацыі Дзмітрый Шаўцоў падчас паездкі на акупаваную частку Украіны фактычна прызнаў удзел арганізацыі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Маўляў, мы рабілі ўсё, каб яны пачуваліся як удома.

«Я не падзяляю беларускіх дзяцей, украінскіх дзяцей Данбасу. Яны ўсе дзеці, і яны мусяць атрымаць законна сваё дзяцінства. Ні ў якім разе не можна яго красці. Вось гэта самая галоўная місія, якой трымаюцца і Беларускі Чырвоны Крыж, і фонд Аляксея Канстанцінавіча Талая», – заявіў Дзмітрый Шаўцоў.

«Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення дакладна прааналізуе ўсе выказванні спадара Шаўцова – так званага кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Пасля нашыя юрысты прымуць рашэнне аб мэтазгоднасці накіравання гэтых матэрыялаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў горадзе Гаазе», – заявіў прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Нагадаем, што гэтая інстанцыя ўжо атрымала сабраныя НАУ матэрыялы пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Выказванні кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа могуць стаць дадатковым доказам.

Валянцін Васіленка, «Белсат»