Новыя ператрусы ў незалежных медыя і абвінавачванні актывістам фонду «Страна для жизни»


Беларускія ўлады працягваюць аказваць ціск на прадстаўнікоў незалежных медыя і рэдакцыі: прыходзяць з ператрусам дамоў і забіраюць на допыты.

Прынамсі шэсць ператрусаў – і гэта толькі ў Берасці. Сярод іншых прыходзілі сілавікі сёння да выдаўца мясцовага часопісу «Бинокль» Дар’і Гарашчанкі ды фатографа Вольгі Латышавай. Прыходзілі і па месцы прапіскі рэдактаркі «Бинокля» Ксеніі Пятровіч. Завітала міліцыя ў рэдакцыю сайту «Магілёўскі рэгіён», а ў Гомлі ператрус адбыўся ў Ганны Стрэльчанкі, бухгалтаркі выдання «Сильные новости», якое трэслі на мінулым тыдні.

«Мы бачылі, як некалькі дзён таму сродкі прапаганды распаўсюджвалі інфармацыю, што будзе барацьба з тэрарызмам, і мы бачым, да каго прыйшлі. Калі паглядзець на лічбы мінулага тыдня, то толькі за два дні, чацвер і пятніцу, БАЖ зафіксавала 38 ператрусаў», – кажа намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

Тады затрымалі семярых журналістаў, і чацвёра з іх да гэтага часу застаюцца за кратамі. Агулам жа на сённяшні дзень зняволеныя 29 журналістаў і працаўнікоў медыясферы. А з пачатку года адбылося ўжо 87 затрыманняў журналістаў і 107 ператрусаў у іх.

«21 раз журналісты караліся адміністратыўным арыштам, і 38 разоў прызначаны штраф, агульная сума штрафу на больш за 46 тыс. руб. Вось гэта тыя лічбы, якія яскрава сведчаць, як дзяржава ставіцца да недзяржаўных медыяў», – кажа Алег Агееў.

Ва ўмовах, калі ў Беларусі не засталося эфектыўных механізмаў абароны правоў журналістаў і не толькі журналістаў, БАЖ супрацоўнічае з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі ды заручаецца падтрыманнем міжнародных партнёраў, што працуюць у сферы свабоды слова. Журналісты ж працягваюць працу. У тым ліку і журналісты нашага тэлеканалу.

«Мы стараемся не ставіць у небяспечную сітуацыю нашых калегаў і робім усё магчымае, каб неяк працягваць і працягваем, і будзем працягваць працаваць такім чынам, каб не падстаўляць нашых калегаў, каб максімальна іх аберагчы», – кажа намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.

Улады ж імкнуцца татальна зачысціць незалежныя крыніцы інфармацыі, падкрэслівае ён:

«Любое праўдзівае слова ўладам перашкаджае. Яны наіўна думаюць, што калі застануцца толькі дзяржаўныя СМІ, якія цяжка так назваць, бо яны займаюцца перадусім прапагандай, то беларусы не будуць бачыць таго, што адбываецца навокал».

Навокал жа ладзяцца рэпрэсіі супраць усіх актыўных прадстаўнікоў грамадскага сектару. Затрыманым 9-га ліпеня валанцёрам фонду «Страна для жизни» выставілі абвінавачванні – паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

«Усіх валанцёраў – Антона Сташэўскага, Юлію Сырых, Марыну Дуброўскую, Таццяну Астроўскую – абвінавачваюць паводле арт. 361 ч. 2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Нагадаем, нашыя добраахвотнікі фармавалі перадачы для палітвязняў і ніякіх грашовых сродкаў не збіралі», – пішуць у сваім тэлеграм-канале актывісты фонду«Страна для Жизни».

Праваабаронцы ўжо далі назву справе – «справа фонду «Страна для жизни», а актывісты дэкларуюць, што будуць працягваць дапамагаць тым, каму дапамога патрэбная.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»