Наплыў мігрантаў з Беларусі ў Літву не спыняецца ні дня


У Беларусі інструктуюць мігрантаў з арабскіх краінаў перад адпраўкай за мяжу. Пра гэта заявіў міністр абароны Літвы А́рвідас Анушаўскас.

Літва правяла расследаванне і выкрыла арганізатараў ды выканаўцаў нелегальнай міграцыі з нашае краіны. Назвалі і кошт падарожжа са Стамбулу і Багдаду – да 15 тысяч еўраў. Цяпер афіцыйная Вільня рыхтуе новыя санкцыйныя спісы. Трапіць у іх могуць таксама авіякампаніі, што ажыццяўляюць стыковачныя рэйсы для пералёту мігрантаў.

У Літве затрымалі чарговых 56 мігрантаў Іраку, Багдаду, Камеруну, якія перайшлі праз мяжу пры дапамозе арганізаванай беларускім бокам кампаніі.

У закінутай школе ў вёсцы Вярабіеяй уладкаваны адзін з лагераў для «турыстаў без візы». Тут яны маюць «раскладушку», пітную ваду, троху ежы і сведчаць у справе свайго падарожжа.

«Мы прыехалі з Багдаду. Турыстычная група. У Менску я даў камусьці 1400 долараў за тое, каб мяне адвезлі ў лес. Гэта была мяжа. Яны паказалі мне дарогу. Сказалі мне: ідзі туды. Потым я пайшоў пешшу», – распавёў Мустафа Хусэйн Ханад, нелегальны мігрант з Багдаду.

Ягоны паплечнік Джэс з Камеруну распавёў пра свой досвед:

«Я выдаткаваў 1500 долараў за «шпацыр па лесе». Мы наткнуліся на багна, дзе вада даходзіла дасюль, але мы працягвалі ісці па вадзе. Было цяжка трапіць сюды. Мы сутыкнуліся з дзікімі звярамі і з усім астатнім. Я думаў, мы памром у гэтым лесе».

З пачатку года службы затрымалі 1716 чалавек, што ў 20 разоў больш чым летась. Затрыманыя пацвярджаюць, што іх інструктуюць, як правільна пераходзіць мяжу, – дадаў сёння міністр абароны Літвы. Паабяцаў, што будзе адказнасць для арганізатараў незаконнага маршруту мігрантаў, для ўстановаў і фірмаў, якія ўдзельнічалі ў ланцугу і для беларускіх чыноўнікаў.

Арвідас Анушаўскас, міністр абароны Літвы, таксама выказаўся на гэты конт:

«Гэтыя людзі карыстаюцца добразычлівасццю дзяржаўных чыноўнікаў. (…) Мы вызначылі як арганізатараў, гэтак і выканаўцаў і ўдзельнікаў гэтай кампаніі».

«Пытаннем часу» – назваў занясенне ў санкцыйныя спісы датычных да арганізацыі плыні нелегальных мігрантаў. Пасля правярання ў гэтай справе Літва прыняла рэзалюцыю.

Лаўрынас Касчунас, старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы:

«Самае галоўнае, гэта будаўніцтва фізічнага кар’еру дзеля стрымання нелегальнай міграцыі. Другое пытанне, каб мігранты, якія тут ужо пражываюць, не маглі б свабодна перасоўвацца. Мы тут не будзем ствараць другога транзітнага шляху для мігрантаў у Еўрапейскі Звяз».

Літва інфармуе краіны НАТО і Еўразвязу аб сваіх кроках у змаганні супраць гібрыднай агрэсіі з боку Беларусі. Узброеныя сілы Літвы прапанавана накіраваць на ахову дзяржаўнай мяжы на праблемным участку. Дамагацца вяртання ў родныя краіны іншаземцаў без права прыбывання ў Еўразвязе.

Сёння ж у Вільні абмеркавалі папраўкі ў «Закон аб мігрантах». Першая мае даць выканаўчым асобам права без суда абмежаваць перасоўванне нелегальных мігрантаў, каб яны не пакідалі цэнтраў часовага пражывання. Другая – пазбавіць іх права шматкроць апеляваць у справе свайго прыбывання. Апеляцыя будзе адна.

Прэмʼер-міністарка Літвы Інґрыдзе Шыманіце заявіла:

«Літва не зʼяўляецца краінаю, якая дазволіць міжнародны гандаль людзьмі на сваёй зямлі. Мы зробім усё магчымае для таго, каб у нашай краіне і партнёраў па Еўразвязе не маглі зʼявіцца людзі, якія парушаюць адпаведныя міжнародныя пагадненні».

Прэмʼер-міністарцы Літвы Інґрыдзе Шыманіце вельмі шкада мігрантаў з трэціх краінаў, якіх, як яна кажа, рэжым Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае дзеля ціску на краіны Захаду. Прыкра і камандзе Святланы Ціханоўскай, якая ўсведамляе, чаму Менск праводзіць падобную палітыку ў дачыненні суседа.

Святлана Ціханоўская перакананая: «Відавочна, што гэтак рэжым (Аляксандра Лукашэнкі – заўв. рэд.) спрабуе помсціць Літве і ўсяму Еўрапейскаму Звязу за іхную падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі».

Вільня прапанавала Еўразвязу ўвесці пяты пакет санкцыяў супраць асобаў, арганізацыяў і таксама сектару, датычнага да перакідання нелегальных мігрантаў. У Мінабароны Літвы лічаць, што зрабіць гэта будзе можна пасля дэнтальнага расследавання памежнай справы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»