Беларусь увайшла ў дзясятку краінаў, найгоршых для працоўных


Побач з Бангладэш і Гватэмалай. Беларусь застаецца ў дзясятцы найгоршых для працы краінаў. Чарговы глабальны індэкс выканання правоў працоўных склала Міжнародная канфедэрацыя прафзвязаў. У дзясятцы таксама Егіпет, М’янма, Туніс, Турцыя, Філіпіны, Эквадор і Каралеўства Эсватыні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Праблема з правамі працоўных – гэта даўняя праблема, яшчэ з пачатку 2000-х гадоў міжнародныя прафсаюзы выстаўляюць розныя патрабаванні да беларускіх прафсаюзаў, да кіраўніцтва Беларусі, каб яны пачалі паляпшаць сітуацыю з тым, каб сапраўды правы працоўных у Беларусі адстойваліся», – кажа прадстаўнік руху прафесійных звязаў Дзяніс Садоўскі.

Як і ў папярэднім індэксе, Беларусь месціцца ў пятай катэгорыі з шасці. Гэта краіны, дзе выкананне правоў працоўных не гарантуецца. Такое ж становішча маюць Украіна і Расея. Літва і Латвія размясціліся ў другой катэгорыі, Польшча – у трэцяй.

У справаздачы адзначаецца, што ў Беларусі працоўныя сутыкаюцца з сістэматычнымі рэпрэсіямі, неабгрунтаванымі затрыманнямі, адвольным закрыццём прафзвязаў.

«42 лідары і актывісты прафсаюзаў незаконна затрыманыя або пасаджаныя ў турму, шмат каго пазбавілі правоў і свабодаў. Тых, хто выходзіць на волю, улады называюць экстрэмістамі, робяць ізгоямі», – гаворыцца ў Глабальным індэксе выканання правоў працаўнікоў Міжнароднай канфедэрацыі прафесійных звязаў.

Разгром незалежных прафзвязаў у Беларусі пачаўся ў красавіку 2022-га. Тады пасля хвалі ператрусаў затрымалі больш за два дзясяткі лідараў і актывістаў незалежнага руху прафзвязаў, у ліпені таго ж года Вярхоўны суд зліквідаваў усе незалежныя прафзвязы Беларусі. Затрыманні нелаяльных да ўладаў працоўных фіксаваліся цягам усяго 2023 года і ў 2024-м, падкрэсліваецца ў дакуменце. Пацвярджаюць гэта і актывісты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: praca-by.info

«Напрыклад, Камітэт дзяржаўнай бяспекі на прадпрыемствах. Стаіць у іх задача дапытаць на падставе відэазапісаў больш за 1000 працаўнікоў прадпрыемстваў (у тым ліку былых актывістаў незалежных прафзвязаў), якія ўдзельнічалі ў масавых мірных сходах і страйках у 2020 годзе», – кажа актывістка незалежных прафзвязаў Ала Цвірко.

Працягваецца ціск і за кратамі. Днямі ў Віцебску ў закрытым рэжыме разглядалі апеляцыю Вольгі Брыцікавай. Лідарка незалежнага прафзвязу «Нафтану» ў зняволенні са жніўня мінулага года.

Летась у чэрвені Лукашэнка зацвердзіў новыя правілы стварэння прафзвязаў, цяпер у краіне дзеюць толькі праўладныя арганізацыі ў структуры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Але яны ніяк не дапамагаюць працоўным адстойваць іхныя правы.

«Гэта рэальна рэпрэсіўны орган, які таксама дзее на прадпрыемстве: даносіць на працоўных каму трэба і калі трэба прымае адпаведныя пастановы, выгадныя кіраўніцтву прадпрыемства, а не працоўным», – кажа Дзяніс Садоўскі.

Праз знішчэнне незалежных прафзвязаў актывісты сёння могуць дапамагаць працоўным толькі парадамі.

«На гэты момант можна звярнуцца ў чат-бот па юрыдычную кансультацыю і па дапамогу ў парушэнні правоў працоўных – у асацыяцыю “Салідарнасць” і ў чат-бот Рабочага руху», – раіць Ала Цвірко.

Міжнародныя арганізацыі прафзвязаў не могуць рэальна паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, але ладзяць сімвалічныя акцыі. Сто дванаццатая Міжнародная канферэнцыя працы ў Жэневе абрала лідара Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандра Ярашука ў склад Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы. Палітвязень адбывае чатырохгадовы тэрмін у магілёўскай турме на падставе надуманых абвінавачанняў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»