Арменія паўстала супраць Лукашэнкі


Пасла Арменіі ў Беларусі Разміка Хумарана выклікалі на Радзіму для кансультацыяў. Пастанове армянскага МЗС папярэднічала заява прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыньяна, у якой той заявіў, што ніколі не прыедзе ў Беларусь, пакуль нашаю краінаю кіруе Аляксандр Лукашэнка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адзін з кіраўнікоў дзяржаваў АДКБ гаворыць, што ён удзельнічаў у рыхтаванні вайны, натхняў, верыў і зычыў перамогі Азербайджану. А пасля гэтага я пайду нешта абмяркоўваць з лідарам Беларусі ў фармаце АДКБ? Я заяўляю, што далей не буду ездзіць у Беларусь. Пакуль прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў Беларусі. І ўвогуле, заяўляю, што з гэтага часу ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі ў Беларусь не паедзе», – заявіў Нікол Пашыньян.

Армянскія СМІ тлумачаць, што Нікол Пашыньян у сваёй прамове меў на ўвазе выказванні Аляксандра Лукашэнкі, якія той зрабіў у Азербайджане сёлета ў траўні. Тады дыктатар Беларусі нагадваў Ільхаму Аліеву іхную прыватную размову напярэдадні другой карабахскай вайны.

«Тады мы дашлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу. Але, па-трэцяе, мы сышліся ў меркаванні, вы тады закранулі гэтае пытанне, што пасля вайны пачнецца самы цяжкі час, калі трэба будзе адраджаць тыя землі, якія вы вызвалілі, пачынаць адраджэнне», – казаў Лукашэнка.

Лукашэнка запрапанаваў тады Аліеву-малодшаму сваю дапамогу ў аднаўленні тэрыторыяў, над якімі апошнія гады залунаў азербайджанскі сцяг:

«Тое што вы вярнулі землі – гэта застанецца на стагоддзі на шматлікія часы. І ўсё гэта я кажу да таго, што калі ў гэтай вялікай справе адраджэння гэтых земляў знойдзеце нам месца, дзе мы можам падставіць плячо сваё і гэта будзе вам выгадна, мы гэта зробім з вялікім задавальненнем».

Нікол Пашыньян.
Фота:  primeminister.am

Сённяшнюю заяву Пашыньяна прывітала Святлана Ціханоўская, заявіўшы, што Лукашэнка здрадзіў Арменіі таксама, як і Украіне:

«Армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашыньян заявіў, што не наведае Беларусь, пакуль Лукашэнка ва ўладзе. Ён мае рацыю. Лукашэнка здрадзіў Арменіі гэтак жа, як ён здрадзіў Украіне. Свету патрэбная свабодная і дэмакратычная Беларусь як надзейны партнёр, а не падступны дыктатар».

Паводле працаўніка Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгора Ніжнікава, у найбліжэйшай будучыні варта чакаць сустрэчаў лініі Пашыньян – дэмакратычныя сілы Беларусі. Але…

«І для Святланы Ціханоўскай, і для Нікола Пашыняна, акрамя сімвалічнай ролі такія сустрэчы і кантакты ніякай ролі іграць не могуць», – кажа Ніжнікаў.

А як магчымы разрыў дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і Арменіяй можа паўплываць на Лукашэнку і нашую краіну?

«Для Беларусі гэта не будзе азначаць нічога ў цэлым. Асабліва ўлічваючы сітуацыю, у якую трапіла Беларусь асабліва пасля расейскага ўварвання ва Украіну. І я не думаю, што гэта будзе сурʼёзнай праблемай для Беларусі. А для Арменіі – як бы таксама», – мяркуе палітолаг Гарут’юн Васканьян.

Афіцыйны Менск адрэагаваў на словы Пашыньяна толькі па абедзе. Маўляў, Арменія малюе замежнага ворага на загад нейкіх вонкавых гульцоў. Дыпламаты Лукашэнкі паведамілі, што таксама адклікаюць свайго пасла з Ерэвану.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»