Заўтра беларусы памінаюць продкаў


Згадаць памерлых продкаў ды прыехаць да іх на могілкі ў адведзіны. Даўняя традыцыя, якой беларусы трымаюцца сотні гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы, хрысціяне, верым у тое, што ў Бога няма памерлых, у яго ўсе жывыя. І вось мы адсвяткавалі вялікдзень, але разам з намі не было тых людзей, хто сышоў з нашага свету. І мы нясем гэтую велікодную радасць на могілкі да нашых блізкіх, да таго, каго разам з намі ўжо няма», – распавёў святар Аляксандр Кухта.

На Радаўніцу звычайна прыбіраюць магілы, прыносяць нябожчыкам велікодныя яйкі. Часам памінанне ператвараецца ў застолле з алкаголем проста на могілках, чаго Царква не ўхваляе.

«Гэта дахрысціянская традыцыя, таму што лічыцца, што з памерлымі трэба раздзяліць велікодны стол. Акрамя таго, каб раздзяліць ежу, таксама звычайна людзі змяняюць тэкстыль на надмагіллях – стужкі, фартушкі, ручнікі», – распавяла фалькларыстка Алена Ляшкевіч.

Гэта што да рытуалаў. Але Радаўніца для нашых продкаў мела і глыбокае сімвалічнае значэнне.

На могілках у раёне «Азоту». Горадня, Беларусь. 28 сакавіка 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

«Гэта пачатак сельскагаспадарчага году і трэба папрасіць сваіх памерлых продкаў аб дабрабыце ў новым аграрным коле. Усе памінанні продкаў падчас году адбываліся звычайна перад вялікімі гадавымі святамі», – тлумачыць фалькларыстка Алена Ляшкевіч.

Пасля 2020 года тысячы беларусаў вымушана пакінулі радзіму і цяпер не могуць наведаць памерлых крэўных. Святар, аднак, заклікае не смуціцца.

«Прыйсці на могілкі да свайго памерлага дзядулі ці бабулі – гэта не самае галоўнае. Самае важнае памятаць, маліцца і рабіць добрыя ўчынкі ў памяць пра іх. Гэта самае лепшае, што мы можам рабіць для памерлых», – запэўнівае святар Аляксандр Кухта.

Калі няма магчымасці самастойна прыехаць і прыбраць магілу – такую паслугу можна замовіць дыстанцыйна. Кошт пачынаецца прыблізна ад 75 рублёў – паведамілі нам у рытуальным агенцтве, куды мы патэлефанавалі пад выглядам кліентаў. Але аплаціць з-за мяжы можа быць складана.

Каб усе ахвочыя маглі наведаць памерлых продкаў, мясцовыя ўлады ў Беларусі ладзяць дадатковыя аўтобусныя рэйсы. А ў Петрыкаўскім раёне нават запусцілі паром – да могілак на другім беразе Прыпяці.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»