Белстат апісаў партрэт сучаснай беларускі


Пазней бяруць шлюб, радзей наважваюцца на аборты і шмат працуюць – так, паводле Белстату, выглядае партрэт сучаснай беларускі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Акурат жаночымі рукамі робіцца асноўны ўнёсак у эканоміку краіны. Паводле інфармацыі ведамства, 63% жанчын ва ўзросце ад 14 да 74 гадоў маюць сталую працу. Больш за палову ад гэтай колькасці – яшчэ і дадатковыя падпрацоўкі.

«Краіна-выключэнне. Бо ў большасці, вядома, працаўнікі – гэта хутчэй мужчыны. Але ў Беларусі, менавіта сярод працоўных, жанчын больш, чым мужчынаў», – кажа гендарная даследніца Ірына Сідорская.

Часцей за ўсё беларускі працуюць у сферах аховы здароўя, адукацыі і фінансаў. Белстат рапартуе, што ў гэтых галінах жанчыны займаюць кожную другую кіроўную пасаду. Але ў рэчаіснасці справа выглядае інакш. Нават у гэтых традыцыйна «жаночых» галінах беларускі дарастаюць толькі да кіраўнікоў сярэдняга звяна. Вышэйшыя пасады па-ранейшаму займаюць мужчыны. Ёсць нюанс і з заробкамі.

«Белстат прызнаецца, што ў нас існуе “gender gap” – гэта розніца паміж сярэднімі заробкамі жанчын і мужчынаў у адной сферы. І ён, на жаль, нават афіцыйны, у нас вельмі высокі – гэта 28 %», – дадае Ірына Сідорская.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчыны на тэрасе кавярні ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Зазірнуў Белстат і ў прыватнае жыццё. У краіне назіраецца трэнд на пазнейшыя шлюбы. Нараджаць дзяцей жанчыны таксама не імкнуцца – нараджальнасць у краіне цягам 10 гадоў скарацілася амаль удвая. Не мяняюць сітуацыі нават ільготныя крэдыты на жытло, што прапаноўвае дзяржава. Сёння атрымаць яго можа маладая сям‘я з дваімі дзецьмі. Бясплатная кватэра можа дастацца сем‘ям, якія выхоўваюць больш за траіх дзяцей.

«Дзеці патрабуюць значных інвестыцыяў: як матэрыяльных, так і часовых – і ніякія ільготныя крэдыты, ніякія меры дзяржаўнай падтрымкі ўвогуле не здольныя ні ў адной краіне пакрыць гэта ў поўнай меры», – зазначае эканаміст Аляксей Харкевіч.

Пры гэтым змяншаецца колькасць беларусак, якія спыняюць цяжарнасць. Колькасць спаронаў цягам апошніх 10 гадоў упала амаль удвая. Тыя ж, хто ідзе на такі крок, робіць гэта праз недахоп грошай на выхаванне будучага дзіцяці – сведчаць звесткі прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Апрача таго, паводле ААН, сённяшнія беларускі не хочуць ахвяраваць кар’ераю дзеля мацярынства.

«Жанчыны вымушаныя задумвацца аб тым, што 3 гады – гэта не толькі вольны час для догляду за дзіцем – гэта яшчэ і страта страхавога стажу. Сучасны свет больш дынамічны, чым той, які быў 20 гадоў таму. Веды губляюцца нашмат хутчэй: тры гады па-за рынкам працы – гэта ўжо страта кампетэнцыяў», – зазначае Аляксей Харкевіч.

Адзінае застаецца без зменаў – беларускі па-ранейшаму жывуць адчувальна даўжэй за мужчынаў. Розніца ў працягласці жыцця складае больш за 10 гадоў.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»