Жузэп Бурэль: мы не хочам, каб Украіна стала другой Беларуссю


Аб’яднаная Еўропа не стоміцца дапамагаць Украіне. Так заявіў вярхоўны прадстаўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу Жузэп Бурэль па выніках нефармальнай сустрэчы еўрапейскіх міністраў замежных справаў у Стакгольме.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«І я хачу даслаць выразны сігнал Пуціну: няма і не будзе ніякай стомленасці. Мы будзем працягваць падтрымоўваць Украіну столькі, колькі ёй трэба, столькі, колькі спатрэбіцца. Многія кажуць, што хочуць міру. І тыя, хто хоча міру найбольш, – гэта ўкраінцы. Украінцы хочуць міру. Мы хочам міру. Але мы не хочам капітуляцыі. Мы не хочам, каб Украіна стала другой Беларуссю», – заявіў Жузэп Бурэль.

Так, Берлін рыхтуе найбольшы з пачатку вайны пакет вайсковай дапамогі Кіеву – на суму € 2,7 млрд. Паводле крыніцаў выдання «Der Spiegel», гэта будуць баявыя машыны пяхоты «Marder» і танкі «Leopard 1», колавыя самаходныя гаўбіцы, сістэмы супрацьпаветранай абароны «IRIS-T-SLM» і пускавыя сістэмы з кіраванымі ракетамі.

Інфармацыю пра дапамогу пацвярджае Міністэрства абароны Нямеччыны, а афіцыйна пра новы пакет могуць абвесціць ужо ў нядзелю. Тады Зяленскі, што цяпер перабывае з візітам у Італіі, мае наведаць Берлін.

У Маскве заяўляюць, што ўкраінцы атакавалі Луганск са зброяй саюзнікаў. Пра выбухі напярэдадні паведамлялі мясцовыя акупацыйныя ўлады.

«Для ўдару выкарыстоўваліся авіяцыйныя ракеты «Storm Shadow», якія паставіла кіеўскаму рэжыму Вялікая Брытанія. Нягледзячы на заяву Лондану, што гэтая зброя не будзе выкарыстоўвацца па цывільных абʼектах. У выніку ўдару на тэрыторыі луганскіх прадпрыемстваў харчовай і хімічнай прамысловасці пачаўся пажар. Ёсць разбурэнні бліжэйшых жылых дамоў. Пацярпелі мірныя жыхары, у тым ліку шэсць дзяцей», – заявіў прадстаўнік міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў.

Будынак заводу «Паліпак» выкарыстоўваўся як пункт забеспячэння расейскай арміі, другі ж прылёт быў у казарму ў будынку былой Акадэміі міліцыі, кажа вайсковы эксперт Іван Ступак і называе гэтую падзею пераломнай у хадзе вайны:

«Акупаваны Расеяй з 2014-га года горад Луганск афіцыйна перастаў быць тылавым горадам Расейскай Федэрацыі».

Расея абвесціла эвакуацыю Харкаўскай вобласці «у сувязі з больш частымі абстрэламі з боку ЗСУ і з мэтай пазбегчы ахвяраў сярод мірнага насельніцтва». Але насамрэч…

«Такое ўражанне, што людзей забіраюць з мэтаю пазбавіць Украіну вачэй і вушэй на гэтай тэрыторыі. Расейская Федэрацыя цудоўна разумее, што кожны чалавек на гэтай тэрыторыі: дзяўчынка, хлопчык, бабуля – усе патэнцыйна працуюць на Украіну», – кажа Іван Ступак.

Эвакуяваных раней з Запарожскай вобласці на тэрыторыі Расеі кідаюць на волю лёсу, сцвярджае эксперт.

«Інфармацыі пра колькасць вывезеных няма. Былі паведамленні, што людзей вывезлі ў іншыя рэгіёны, у Расейскую Федэрацыю, але гэта зроблена, як звычайна, па-расейску крыварука: вывезлі людзей, размясцілі ў нейкім санаторыі ды кажуць, што ў вас аплачаны адзін – максімум два дні. Пасля гэтага – самі, за свае грошы», – кажа Іван Ступак.

Пераломная падзея, на думку эксперта, адбылася і ў Бахмуце, дзе ўкраінскія войскі прасунуліся на кіламетр наперад. Гэта важна, бо апошнія паўгода з гэтага кірунку паступалі толькі песімістычныя навіны. Але гэта яшчэ не контрнаступ. Падобнае меркаванне напярэдадні ў нашым эфіры выказаў стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба:

«Для таго, каб контрнаступ адбыўся, мусіць быць сканцэнтраваны недзе канкрэтна ўдарны баявы кулак, прычым гэта мусіць быць літаральна за 24, максімум за 48 гадзін сканцэнтравана. Пакуль размова пра гэта нідзе не ідзе. Усё ж мы гэта бачым са спадарожнікаў, і Расея бачыць, і Захад бачыць, пакуль няма нідзе такой канцэнтрацыі».

Расея ж працягвае начныя абстрэлы: у Мікалаеве і Хмяльніцкай вобласці ёсць параненыя, разбураныя жылыя дамы і абʼекты інфраструктуры. Іранскімі дронамі атакавалі і Кіеў, усе іх знішчыла супрацьпаветраная абарона ўкраінскай сталіцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»