Цывілізацыйны выбар між Еўропай і Азіяй – туркі рыхтуюцца галасаваць за сваю будучыню


Кіраўнік дзяржавы з 20-гадовым стажам абяцае сысці, калі прайграе на выбарах, і крытыкуе сваіх апанентаў за заклікі ўвесці антываенныя санкцыі супраць Расеі. Гэта не Беларусь, гэта Турцыя. Ужо заўтра там адбудуцца прэзідэнцкія выбары, і Рэджэп Таіп Эрдаган – паводле сацыялагічных апытанняў – рызыкуе з трэскам прайграць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апошні дзень перад прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі – і самыя жарсці. Рэджэп Таіп Эрдаган на мітынгу ў Стамбуле абвінаваціў свайго суперніка ў працы на ЗША. Нібыта Джо Байдэн купіў Кемаля Кылычдараглу – адзінага кандыдата ад апазіцыі.

«Спадар Кемаль кажа, што яны могуць увесці санкцыі супраць Расеі. Пра што гэты Кемаль думае? Што ён разумее? Расея – адзін з найважнейшых нашых саюзнікаў у гандлі аграрнаю прадукцыяй», – заявіў са сцэны прэзідэнт Турцыі.

Рэджэп Эрдаган быў прэзідэнтам Турцыі апошнія 9 гадоў, а да гэтага 11 гадоў кіраваў, як прэм‘ер-міністр. Падчас выступу ён заявіў, што толькі ён абараняе туркаў ад глабальных элітаў, ЛГБТ, наркамафіі, тэрарыстаў і радыкальных ісламістаў. Такая рыторыка – спосаб адцягнуць увагу ад праблемаў, якія хвалююць большасць выбарцаў, мяркуюць эксперты.

«Ёсць рост коштаў, праблемы з беспрацоўем, таксама тое, што Эрдаган узурпаваў уладу. Бо Эрдаган шмат гадоў пры ўладзе, і людзі хочуць новага лідара. Гэта паўсюль так адбываецца, не толькі ў Турцыі», – кажа палітолаг і эксперт у Блізкім Усходзе Дзмітрый Брыджэ.

Пры гэтым Турцыя – побач з КНДР, Егіптам і Беларуссю па колькасці палітвязняў на 100 тысячаў чалавек.

Эрдаган абяцае сысці, калі прайграе на выбарах, але актыўна выкарыстоўвае для ціску на апазіцыю адміністрацыйныя рэсурсы.

«Міністэрства, у тым ліку МУС, судовую сістэму, СМІ, якія на 95% належаць яму або знаходзяцца пад кантролем уладаў», – распавядае пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу палітолаг, эксперт у расейска-турэцкіх стасунках Хакан Аксай.

Пад самыя выбары прэзідэнт Турцыі падняў заробкі бюджэтнікам і паабяцаў бясплатны газ на працягу году – за дзяржаўны кошт. Гэта спосаб падкупіць больш свецкіх – нерэлігійных турэцкіх гараджанаў.

«За ЖКГ грамадзяне Турцыі з буйных гарадоў – Стамбул, Анкара, Аланія – яны плацяць вялікую суму», – тлумачыць Дзмітрый Брыджэ.

Супрацьстаіць Эрдагану эканаміст Кемаль Кылычдараглу – лідар Рэспубліканскай народнай партыі. Ён стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі ў выніку кампрамісу, як чалавек з чыстай рэпутацыяй, каб не было за што зачапіцца.

«Большасць выбарцаў бачаць яго, як спакойнага, станоўчага і кампраміснага лідара. Яму 74, па характары вельмі спакойны, у адрозненні ад лідара Турцыі ніколі не крычыць, не крытыкуе нікога гучнымі словамі. Сваіх апанентаў не называе тэрарыстамі», – распавядае Хакан Аксай.

Кылычдараглу прапаноўвае зрабіць Турцыю больш еўрапейскай, увесці ў дзяржаўнае кіраванне практыкі Еўразвязу, і знізіць узровень бюракратыі ў гаспадарцы.

«Асновы дзяржаўнасці і дэмакратыі пашкоджаныя. Пашкоджаная заканадаўчая, судовая і выканаўчая ўлады. Мы хочам гэта выправіць. Я хачу быць прэзідэнтам, каб зрабіць Турцыю больш дэмакратычнаю», – заявіў адзіны кандыдат ад апазіцыі ў інтэрв’ю замежным журналістам.

У чацвер Кемаль Кылычдараглу абвінаваціў Маскву ў спробах паўплываць на турэцкія выбары. З аднаго боку Эрдаган – прарасейскі кандыдат, ён не пускае Швецыю ў NATO, купляе ў Расеі баявую тэхніку.

«Плюс магчымасць абыходу санкцыяў. Менавіта Турэччына куды больш прыдатны партнёр для Расеі, чым Іран ці Кітай», – нагадвае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Гэтак турэцка-расейскі таваразварот летась падвоіўся. З іншага боку, Эрдаган у замежнай палітыцы вырваў у свайго сябра Аляксандра Лукашэнкі права пасярэдніцтва між Масквой і Кіевам, і цяпер замест Менскіх пагадненняў – Збожжавая ўмова.

«І таксічнасць Лукашэнкі, якую ён напрацаваў сваёй упартай працай, і спрытнасць і вага Эрдагана на міжнароднай арэне вывяла Эрдагана наперад», – падсумоўвае Яўген Красулін.

Наколькі Эрдаган гатовы не чапляцца за ўладу, калі прайграе выбары?

Яраслаў Сцешык, «Белсат».