Белстат: расце інфляцыя, расце таваразварот


Беларусы пераплачваюць за прадукты – лічаць незалежныя эканамісты. Кошты адносна заробкаў немалыя, а апошнімі месяцамі цэннікі ўсё часцей мяняюцца ў бок росту. Найбольш ад пачатку года падаражэла морква – ажно на 49 адсоткаў. За што яшчэ пераплачваем і колькі?

Чакалі вясновых – больш прывабных коштаў на гародніну. У красавіку атрымалі найбольшы рост цэнаў менавіта на моркву, свежыя гуркі ды памідоры, буракі… Паводле Белстату, інфляцыя на сезонную гародніну ў мінулым склала 7,2 %. Людзі інфляцыю адчуваюць і без гэтых справаздачаў, чуем ад менчукоў:

«Даражэйшыя робяцца ўсе прадукты, у нечым, на жаль, даводзіцца сабе адмаўляць».

«З крызісу мы выйдзем, калі зменім сітуацыю ў краіне. Бо цяпер тут ідзе эканамічная і палітычная стагнацыя».

«Цяпер набыць мінімальны кошык спажывецкі – аддаць 50 рублёў. Лічу, што з нашымі заробкамі гэта неймаверна».

Агулам індэкс спажывецкіх цэнаў у красавіку вырас на 0,7 %. Ад пачатку года інфляцыя склала 4,6 %. Але калі параўноўваць сёлетнюю інфляцыю з леташняю, бачым зусім іншыя лічбы – ад 7,7 % у студзені да 8,6 % у красавіку. Міністэрства працы з мінулым годам не параўноўвае і не індэксуе даходаў насельніцтва і мінімальнай зарплаты пры паказніку, меншым за 5 %. Пераплочваць без кампенсацыі ў заробках будзем і далей, кажа эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Паколькі ў нас няма нармальнага гандлю з краінамі Еўрапейскага звязу, дзе морквы шмат і яна вельмі танная, беларусы маюць пераплочваць за моркву і шматлікія іншыя тавары. Згодна з маімі падлікамі, сярэдняя беларуская сям’я пераплачвае за харчы недзе $ 400 у год».

Дзяржава такіх песімістычных падлікаў не робіць. Падбадзёрвае станоўчымі. Паводле Белстату, у першым квартале замежнагандлёвае абарачэнне беларускіх тавараў склала амаль 17 мільярдаў долараў, што на амаль 19 % больш, чым за першы квартал летась. На 24 % вырас экспарт і на 14 % імпарт.

Не карэктна параўноўваць з крызісным 2020-ым годам, калі калі ў нас не было паставак нафты з Расеі і вытворчасць была значна ніжэйшаю – зазначыў эксперт. Цяпер сусветны гандаль – абудзіўся.

«Зноў пашанцавала 04,22 Гэтыя грошы безумоўна на карысць ураду і на карысць золатавалютным рэзервам. Такая валютная выручка адкладвае негатыўныя наступствы для беларускай эканомікі і дазваляе фінансаваць тыя таксічныя крэдыты і праблемныя актывы, якія ёсць», – канстатуе Раманчук.

Беларуская нафтаперапрацоўчая галіна – флагман нашага Валавога ўнутранага прадукту – намагаецца пазбегчы галоўнай бягучай праблемы – стратаў праз санкцыі ЗША, уведзеныя за злачынствы дзейнага палітычнага рэжыму. Ці ўдасца іх абысці, разважае Кацярына Барнукова з Цэнтру BEROC:

«Мы бачым, што некаторыя з партнёраў нашай нафтаперапрацоўкі перастрахоўваюцца і спыняюць пастаўкі нафты на «Нафтан» у траўні, Магчыма што гэта такая паўза, каб перагрупавацца і стварыць кампанію пракладку, праз якую Расея будзе далей пастаўляць нафту, напрыклад, ад чэрвеня».

Санкцыйныя асцярогі маюць таксама і пакупнікі нафтапрадуктаў ва Украіне і Еўропе. Агенцтва Argus сёння паведаміла, што некалькі еўрапейскіх банкаў адмаўляюць у фінансаванні ўгодаў па рэалізацыі беларускіх нафтапрадуктаў, а трэйдары чакаюць, што Еўразвяз можа ўвесці аналагічныя ЗША санкцыі. Тады фінансаванне такіх здзелак у еўра будзе не магчымае.

Юлія Цяльпук, «Белсат»