Якія наступствы мелі гарачыя нафтавыя адносіны Лукашэнкі і Чавэса?


Насябраваў. Кошт словаў Лукашэнкі пра братэрства і ўзаемавыгадную супрацу становіцца зразумелым з новага расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтру. Згодна з інфармацыяй журналістаў, наступствам гарачых нафтавых адносінаў Лукашэнкі і Чавэса зрабіўся і цяпер актуальны доўг Беларусі перад Венесуэлай на 1,5 мільярда долараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гаворка вядзецца пра дзевяць мільёнаў тонаў нафты, якую Венесуэла пачала адпраўляць у нашую краіну падчас так званай энергетычнай вайны Беларусі з Расеяй у 2010-м. Тады Лукашэнка вельмі прасіў венесуэльскага лідара паспрыяць з дыверсіфікацыяй. І той паспрыяў.

«Лукашэнка як бы ачараваў, атрымоўваецца, Чавэса. Яны знайшлі штосьці такое супольнае на гэтай глебе супрацьстаяння Захаду, антыімперыялізму і гэтак далей. І вось Лукашэнка яму заліваў, як яны разам будуць будаваць новы блок палітычны», – кажа журналіст-расследавальнік Алесь Ярашэвіч.

Аднак падмануў даверлівага аміга эканамічна. Згодна кантракту, Беларуская нафтавая кампанія купляла ў Венесуэлы мільёны тонаў нафты гатунку Санта-Барбара ці іншага. Чорнае золата праз парты Чорнага і Балтыйскага мораў трапляла на беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку. 80 % цаны нафты Беларусь аплачвала цягам месяца пасля падпісання накладных. На 20 % цаны нашая краіна атрымлівала адтэрмінаванне аплаты. Пазней мусіла вярнуць гэты доўг у форме, пра якую дамовяцца ўрады дзвюх краінаў. Але не вярнула.

«Венесуэльскі бок нават настойваў, каб гэтую запазычанасць выплацілі. Казаў, што калі вы не можаце аддаць грашыма, то аддайце нам акцыямі беларускіх прадпрыемстваў. У тым ліку разглядаўся такі варыянт, што Венесуэла купіць частку «Нафтану» і будзе перапрацоўваць там сваю нафту. Але нічога з гэтага не рэалізавалася», – дадае Алесь Ярашэвіч.

Бакі прыкладалі значныя намаганні для пошукаў таннейшага транспартавання, нават задзейнічалі схемы СВОПу: Азербайджан забіраў сабе частку венесуэльскай нафты, а наўзамен гнаў у Беларусь сваю. Аднак расейская нафта ўсё роўна абыходзілася Беларусі танней. У выніку, калі ў Лукашэнкі ўсё ж выйшла вытаргаваць у Пуціна бязмытны імпарт нафты, любоў да Венесуэлы паступова пачала астываць. Даўгі ж засталіся.

«Не толькі з Венесуэлай вось такія адносіны, якія грунтуюцца не на эканамічных асновах. У мяне такое ўражанне, што і ў адносінах Беларусі з Іранам таксама былі дамоўленасці пра нейкае там нафтавае радовішча. Усё гэта ляснулася, бо незразумела, хто павінен плаціць за гэта. Нешта падобнае ў адносінах Беларусі з Зімбабвэ і шмат якімі краінамі поўдня», – распавядае палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч.

Пасля смерці «друга Уга» стасункі між краінамі і ўвогуле забуксавалі. Гэта тычыцца і будаўніцтва беларусамі жылля для пацярпелых ад паводкі венесуэльцаў, і працы заводаў для зборкі трактароў «Беларус» і цяжкавікоў МАЗ у Венесуэле.

«Заводы фактычна стаяць і нічога не вырабляюць. Бо было заяўлена, што там тысячы трактароў і грузавікоў будуць збірацца, а па факце калегі нашыя ездзілі туды напрыканцы мінулага года – і нічога не працавала. Сабакі бегалі там каля заводу, стораж сядзеў, назіраў. Тое ж самае і з жыллём», – дадае Алесь Ярашэвіч.

«Усё супрацоўніцтва спынілася ў той час, калі ў Венесуэлы закончыліся грошы. Калі яна ўступіла ў перыяд вострага эканамічнага крызісу, крызісу дзяржаўнасці нават. Калі там паводле талонаў размяркоўваецца туалетная папера, то казаць пра нейкае супрацоўніцтва з такой дзяржавай увогуле не выпадае», – кажа Валерый Карбалевіч.

Былы венесуэльскі міністр нафты і горназдабыўчай прамысловасці Рафаэль Рамірэс распавёў расследавальнікам, што кантракт на экспарт нафты ў Беларусь ад самага пачатку быў нявыгадны для Венесуэлы. Лукашэнка ж, маўляў, скарыстаў добрую волю Чавэса. Паводле Рамірэса, беларускі бок пачаў адмаўляцца плаціць, яшчэ калі Уга быў хворы. Перамовы аб запазычанасці паміж Менскам і Каракасам вядуцца і цяпер. Пазову ў міжнародны суд венесуэльскі бок пакуль не выстаўляе.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»