КДК праверыў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы


Старт пасяўной у Беларусі адзначаецца шырокім святкаваннем і прыездам на палі не менш значных першых асобаў раёну. Старшыня Чавускага райвыканкаму Дзмітрый Акуліч падчас падобнага мерапрыемства адзначыў: трэба добрасумленна працаваць, і ў нас усё атрымаецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выявілася, што святкаваць рана. Дзяржкантроль разам з МУС праверыў рыхтаванне да пасяўной у 65 раёнах краіны. У некаторых сельскагаспадарчых арганізацыях рэальнае становішча хавалі за прыпіскамі. Гэтак, паводле Хоцімскага райвыканкаму, са 153 трактароў няспраўнымі былі 19. А мясцовы РАУС выявіў няспраўнасць 42 трактароў – у 2 разы больш, чымся ў справаздачы.

«Пачынаюць патрабаваць зверху ўніз, па ланцужку: Лукашэнка – у губернатара, той – у старшыні райвыканкаму, пасля старшыняў калгасаў прыціскаюць: дай мне гэтую лічбу! Ну а крайнім у выніку аказваецца аграном ці галоўны інжынер прадпрыемства, які проста зробіць справаздачу на паперы, што ў яго тэхніка гатова да пасяўной, але фактычна яна будзе няспраўная», – пракаментаваў спецыяліст у сферы сельскай гаспадаркі Мікалай Лысянкоў.

У КДК паабяцалі пакараць вінаватых ды прапанавалі неабыякавым грамадзянам тэлефанаваць на нумар 191 і расказваць аб парушэннях падчас пасяўной кампаніі.

«Гэта не першая спроба ўладаў супрацоўнічаць са “стукачамі”. Спачатку здавалі апазіцыянераў, потым – прадпрымальнікаў з шэрымі заробкамі. У іх гэта наладжаны сцэнар, які добра вядомы ўсім гэтым “саўкам”», – сказаў блогер Мікалай Маслоўскі.

Невядома, ці трэба чакаць звальненняў, бо, згодна са статыстыкаю Белстату, з кожным годам людзей, якія задзейнічаныя ў сферы сельскай гаспадаркі, становіцца ўсё менш. Паводле тэлеграм-каналу «Нашы грошы», са студзеня 2019 года сфера страціла 28,6 тысячаў чалавек, або ад 8 да 10 адсоткаў ад агульнай колькасці рабочых рук.

«Калі правесці мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, то там нават палова тых людзей, якія працуюць, – не патрэбныя. У развітых краінах у сельскай гаспадарцы менш людзей працуе, чым у нас. У нас людзей трымаюць у калгасах, каб не было галодных бунтаў і людзі з віламі не выходзілі на плошчы і не патрабавалі працоўных месцаў», – дадаў Мікалай Лысянкоў.

На думку экспертаў, яшчэ не час задавацца пытаннем, хто нас будзе карміць. Уласную харчовую бяспеку на мінімальным узроўні Беларусь запэўніць зможа. Але гэта можа негатыўна паўплываць на якасць, асартымент і цэны.

Андрэй Сульжыц «Белсат»