Глаз пабачыў польскія баявыя дружыны і спужаўся экстрэмістаў


Абвастрэнне палітычнага канфлікту між рэжымам Лукашэнкі і суседняй Польшчай. Лукашэнкаўскія чыноўнікі абвінавачваюць польскі ўрад, што тыя з глузду з’ехалі і «мініруюць усю Еўропу». А ў Варшаве абяцаюць усяляк дапамагаць беларусам атрымаць свабоду ад дыктатуры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мэта Польшчы – незалежная, свабодная і дэмакратычная Беларусь, якая будзе жыць у супольным еўрапейскім доме. Так міністр замежных справаў Збігнеў Раў пазначыў кірунак доўгатэрміновай усходняй палітыкі ў адмысловым выступе перад Сеймам, прэзідэнтам і ўрадам Польшчы.

«Мы будзем дабівацца вызвалення палітвязняў, у тым ліку дзеячаў польскіх арганізацыяў на чале з Анджэем Пачобутам», – заявіў з трыбуны міністр замежных справаў Польшчы.

А пакуль што Польшча працягне прадстаўляць часовы прытулак тым беларусам, якіх на радзіме пераследуюць з палітычных прычынаў.

Збігнеў Раў паведаміў, што Варшава прапаноўвала рэжыму Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі ў абмен на прастору для палітычнага і эканамічнага манеўра, але перамовы былі марнымі.

«Сёння мы разглядаем Беларусь як дзяржаву, цалкам залежную ад агрэсіўнай Расеі, якой кіруе рэжым, пазбаўлены ўсялякага дэмакратычнага і грамадскага прызнання. Гэты рэжым ператварыў радзіму беларусаў у вялікую турму і перадаў яе тэрыторыю Расеі дзеля ажыццяўлення атак супраць Украіны», – падкрэсліў Збігнеў Раў.

А ў Менску заяўляюць, што гэта Польшча разбурае асновы сістэмы бяспекі. З антыпольскім каментаром у расейскім СМІ выступіў Анатоль Глаз.

«Мы самым сурʼёзным чынам асцерагаемся агрэсіўных дзеянняў польскага кіраўніцтва. Фінансуюць экстрэмістаў, рыхтуюць нейкія баявыя дружыны супраць беларускага насельніцтва, праводзяць актыўную мілітарызацыю. Дзеянні цяперашняга польскага ўраду часам фанатычныя, не вылучаюцца логікай і рацыянальнасцю, а таму не заўжды прадказальныя», – заявіў прэс-сакратар МЗС Лукашэнкі.

У Беларусі затрымліваюць і пераследуюць нелаяльных Лукашэнку грамадзян, могуць паляваць на замежнікаў. Працягваецца напад Расеі на Украіну, і працягваецца нарошчванне расейскіх войскаў у Беларусі. Так Дзяржаўны дэпартамент ЗША праз амбасаду Беларусі ў Менску працягнуў рэкамендацыі сваім грамадзянам не ездзіць у нашую краіну. «Белсат» атрымаў каментар у дыпламатычным ведамстве.

«Сёння Злучаныя Штаты не маюць дыпламатаў у Беларусі, якія маглі б там аказваць паслугі амерыканскім грамадзянам. Гэта адна з прычынаў, чаму мы настойліва рэкамендуем амерыканцам пакінуць Беларусь або не ехаць туды», – патлумачыў «Белсату» Тым О’Конар, афіцыйны прадстаўнік аддзелу ў справах Беларусі амбасады ЗША ў Вільні.

Тым ОʼКонар праз «Белсат» параіў амерыканцам пры патрэбе звяртацца па дапамогу ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў суседніх краінах. Бо амбасада ЗША ў Менску дэ-факта не працуе ад лютага мінулага года, калі пачалася адкрытая фаза расейска-ўкраінскай вайны.

«Злучаныя Штаты лічаць, што важна мець каналы для камунікацыі з уладамі Беларусі, і такія каналы існуюць. Напрыклад, амбасада Беларусі ў Вашынгтоне застаецца адкрытая. Летась Злучаныя Штаты прыпынілі дзейнасць амбасады ў Менску з прычыны праблемаў з бяспекай, звязаных з несправакаваным і неапраўданым нападам расейскіх войскаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі, але мы падтрымліваем дачыненні і працягваем камунікаваць з уладамі Беларусі», – паведаміў Тым О’Конар.

Пры гэтым дыпламаты Лукашэнкі не бачаць свайго саўдзелу ў расейскай агрэсіі. Міністр замежных справаў Сяргей Алейнік падчас візіту ў Вугоршчыну заявіў, што Беларусь ніколі не стварала праблемаў суседзям. У Будапэшце Алейнік сустрэўся з даўнім сябрам свайго папярэдніка Уладзіміра МакеяПетэрам Сіяртам. Вугорскі міністр раней наведваў Маскву, дзе абяцаў, што ягоны ўрад заблакуе санкцыі Еўразвязу супраць кампаніі «Росатом».

«У нашых прынцыповых інтарэсах – пазбегчы эскалацыі вайны. Таму я выкарыстаў гэтую сустрэчу, каб папрасіць спадара міністра забяспечыць, каб Беларусь зрабіла ўсё, што ў яе сілах, каб пазбегчы эскалацыі вайны, і каб Беларусь не рабіла ніякіх крокаў, якія могуць падвысіць рызыку эскалацыі вайны», – заявіў пасля перамоваў з Алейнікам Петэр Сіярта.

І вось новы інцыдэнт – беларускія памежнікі парушылі дзяржаўную мяжу Літвы. Непадалёк ад Лынтупаў група беларускіх вайскоўцаў ішла ўздоўж мяжы, адзін з іх зайшоў за белы слупок і ўвайшоў на тэрыторыю Літвы прыкладна на метр, а потым вярнуўся назад. Ідзе расследаванне інцыдэнту.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»