Эксперт: Беларусь становіцца часткаю агульнарасейскай прасторы ў двух галінах


У Беларусі стала менш канкурэнтаў на расейскім рынку, з нагоды чаго Аляксандр Лукашэнка публічна цешыўся, наведваючы Уладзівасток. Расея пашырае для Беларусі рынак збыту, а тая, па словах кіраўніка рэжыму, гатовая разлічвацца ў расейскіх рублях па шэрагу пазіцыяў. Ці можам успрымаць расейскі рубель як валюту, здольную замяніць долар ці еўра? І ці варта баяцца, што расейскія грошы неўзабаве заменяць беларускія?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы абмяркоўваў з Пуціным. Будаўніцтва беларусамі інфраструктуры ў Прыморскім краі – з губернатарам Алегам Кажамякам. Да сярэдзіны траўня працаваць на пляцоўцы будуць ужо 150 рабочых з Беларусі. Размова аб свабодным перамяшчэнні рабочай сілы.

«Нарэшце мы з Расеяй пачалі супрацоўнічаць так, як павінны былі даўно супрацоўнічаць», – цешыўся Лукашэнка.

Пры гэтым разлікі паміж краінамі будуць праводзіцца ў расейскіх рублях… у тым ліку аплата за беларускія тавары.

«Нас не напружвае расейскі рубель. Я даўно патрабаваў, што мы павінны пераходзіць на разлікі ў расейскіх рублях, не патрэбныя нам долары і еўра. Калі ласка – сёння мы разлічваемся за энерганосьбіты і іншае ў расейскіх рублях. Нас гэта задавальняе», – пераконваў Лукашэнка.

Адное з наступстваў маштабных санкцыяў супраць Расеі і Беларусі – дэфіцыт «Заходняй» валюты ў гэтых краінах. Еўразвяз – асноўны імпарцёр з Беларусі, спыніў грузаспалучэнне. Таму Лукашэнка не выпадкова абяцае Расеі адданасць.

«Гэта публічнае заяву аб тым, што для нас Расея – гэта прыярытэт і іншых прыярытэтаў у нас няма. Мы паступова пераводзім разлікі з долараў і еўра, якія прызнаюцца ва ўсім свеце, на тую валюту, якая хутчэй за ўсё будзе прызнавацца толькі ў рамках гэтага новага ўтварэння – “Саюзу Беларусі і Расеі”».

Вялікія правы рублю – сёння, трансфармацыя ў нацыянальную валюту Беларусі – заўтра – асцерагаюцца некаторыя аналітыкі. Лукашэнка на такі крок не пойдзе – лічыць эканаміст Леў Марголін.

«Для Лукашэнкі беларускі рубель – гэта магчымасць кіраваць беларускай эканамічнай. Калі ў яго не будзе беларускага, а будзе расейскі рубель, (пры тым што Расея ніколі не пагадзіцца на 2 эмісійныя цэнтры – у Маскве і Менску) то ён губляе ўсе рычагі ўздзеяння на беларускія прадпрыемствы)».

…Тыя, што папаўняюць бюджэт і тыя, што працуюць на вывядзенне мільярдаў у афшоры. У дальнабойнікаў застаўся толькі Расейскі напрамак. Беларуская чыгунка са сваім лагістычным аператарам «Белінтэртранс» гэтымі днямі кансультуюць экспарцёраў па арганізацыі грузавых плыняў.

Аляксей Харкевіч робіць выснову: «Мы ўжо сваіх грамадзянаў рыхтуем да таго, што яны будуць працаваць на расейскім рынку і плюс да таго – расейская валюта (у разліках паміж дзяржавамі – заўв. Рэд) вельмі ўдала кладзецца ў гэты кантэкст. Можна сказаць, што мы становімся часткаю агульнарасейскай прасторы як у валютнай галіне, гэтак і ў працоўнай».

На ўнутраным рынку беларускія ўлады працягваюць ручное рэгуляванне: сёння Саўмін забараніў фізічным асобам вывозіць з Беларусі за межы ЕАЭС муку і макарону – больш за два і адзін кіло адпаведна.

Юлія Цяльпук, «Белсат»