З пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» хочуць спагнаць грошы, а ў Горадні скардзяцца на абразы


Ціск з боку ўлады на пратэстанцкую царкву «Новае жыццё» выйшаў на новы ўзровень – цяпер з іх патрабуюць амаль 180 тысяч долараў за памяшканне, якое раней самая ўлада і забрала. Гэта нібыта падатак за зямлю. Між тым, згодна з беларускім заканадаўствам, царква яго наагул плаціць не павінна.

«Канечне, такіх грошай няма. І ў прынцыпе мы лічым, што гэта несправядліва: абабраў царкву і пазбавіў будынку, цяпер мы яшчэ павінны заплаціць нейкі падатак», – кажа адміністратар пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Віталь Антончыкаў.

Ціснуць на царкву пачалі яшчэ ў 2005-ым годзе, калі Менскі гарвыканкам спрабаваў выселіць прыхаджанаў з выкупленага імі і перабудаванага кароўніку. Затым пазбавілі права карыстацца зямлёю. Прыблізна ў 2009-ым годзе будынак адышоў ЖРЭА Маскоўскага раёну сталіцы. На карыстанне ім патрэбны дазвол уладаў. Такім чынам, гэтыя грошы цяпер хочуць спагнаць з вернікаў.

«Немагчыма проста ўзяць царкву і разагнаць, пазбавіўшы будынку. На гэты момант мы збіраемся на паркоўцы ля будынку нашай царквы. Прыходзіць даволі шмат людзей, і мы плануем там збірацца, праслаўляць Бога і выконваць тую місію, якую нам даручыў Гасподзь», – распавядае адміністратар пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Віталь Антончыкаў.

А што думаюць беларусы?

«Што Лукашэнка хоча ўсім рот закрыць, гэта зразумела. Ён хоча тут адзін царстваваць і каб усе падпарадкоўваліся яму»

«Царква – гэта ўсё ж такі духоўнае, і кожны чалавек сам вырашае, належаць яму да Бога або не належаць, верыць або не верыць. І прымушаць нехта кагосьці да чагосьці не мае права»

«Царква аддзеленая ад дзяржавы. Дзяржава не ўмешваецца ў царкву», – разважаюць жыхары і госці Віцебску.

Крытыкаваць гэтым разам праваслаўную царкву бяруць на сябе права і праўладныя актывісты. Прадстаўніцы грамадскага руху «Инфоспецназ» пабачылі ў іконах гарадзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабору распальванне нянавісці і палітыку. Гаворка пра абразы пакутнікаў, якіх расстрэльваюць энкавэдысты. Іконы ў царкве вісяць ужо 15 гадоў.

«Замест таго каб спалучыць пакой на душу, яны атрымліваюць порцыю нянавісці», – мяркуе Вольга Бондарава.

У сваім відэа актывісткі згадваюць і архіепіскапа Арцемія, які адкрыта выказаўся супраць гвалту ў дачыненні беларускага народу.

«Пэўны такі дым, смурод вакол гэтага нейкі час можа прабыць. Гэтая прапагандысцкая кампанія супраць архіепіскапа Арцемія і шэрагу іншых праваслаўных святароў, праваслаўных актывістаў можа мець месца», – кажа дырэктар Biss Пётр Рудкоўскі.

Як лічыць Пётр Рудкоўскі, іконы ўсё ж застануцца, бо праваслаўная царква падпарадкоўваецца Расеі, а такі рэзананс ім непатрэбны.

Надзея Бельская, «Белсат»